Главная >> Чалавек і закон >> Са святам, работнікі выратавальнай станцыі!

Са святам, работнікі выратавальнай станцыі!

$ |

25 красавіка рэспубліканскае  дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне "Беларускае  рэспубліканскае таварыства ратавання на водах» (ОСВОД) адзначыць сваё 147-годдзе. Гэтую выдатную дату адзначаць і работнікі Салігорскай выратавальнай станцыі.           

У гэтым калектыве на чале з А.Л. Місько  працуюць 20 прадстаўнікоў розных спецыяльнасцяў: вадалазы, матарысты-рулявыя выратавальных катэраў, матросы-ратавальнікі і медыцынскія сёстры.            Неацэнна іх праца па ратаванню людзей на вадзе, калі гаворка ідзе літаральна пра жыццё і смерць, а лік - на секунды. У мінулым годзе, паводле слоў Андрэя Леанідавіча, было выратавана 8 чалавек. Колькасць жа папярэджаных грамадзян - у дзесяткі разоў больш.           

На жаль, не абыходзіцца без трагедый. У 2018 годзе ў розных раёнах Мінскай вобласці вадалазам Салігорскай выратавальнай станцыі давялося ажыццяўляць пошукі і ўздым са дна вадаёмаў 7 загінуўшых людзей.         

   У ратавальнікаў клопатаў поўна круглы год. Узімку нагляд патрэбен за рыбакамі, якія так і імкнуцца прайсціся па тонкім лёдзе. З пачатку года ўжо папярэджаны 47 чалавек за парушэнні правілаў паводзін на вадзе. Пераважна, гэта рыбакі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення  альбо без выратавальных камізэлек ў лодцы.           

З надыходам цёплых вясновых дзянькоў да Салігорскага вадасховішча накіроўваюцца аматары адпачынку на прыродзе, у тым ліку са сваімі малалетнімі дзецьмі. Работнікі выратавальнай станцыі нагадваюць ім пра неабходнасць кантролю за дзеткамі, асабліва паблізу вады.    

       

Аднак гэтым праца ратавальнікаў  не абмяжоўваецца. Яны ўвесь час праводзяць тлумачальна-прафілактычную работу сярод вучняў, дашкольнікаў і ў працоўных калектывах прадпрыемстваў, а таксама арганізуюць майстар-класы і паказальныя выступленні. Словам, Беларускае  рэспубліканскае таварыства ратавання на водах   робіць усё магчымае, каб колькасць няшчасных выпадкаў на вадзе звесці да нуля.                   

У цяперашні час поўным ходам ідзе падрыхтоўка да купальнага сезона, які адкрыецца 1 мая.        

Як заўсёды, сваё свята работнікі Салігорскай выратавальнай станцыі адзначаць на «баявым» пасадзе. Мы, работнікі раённай газеты, жадаем ім здароўя, дабрабыту, поспехаў у іх нялёгкай, але вельмі важнай працы.         

Print Friendly, PDF & Email