Главная >> Чалавек і закон >> «Маленькі пасажыр — вялікая адказнасць!» - прафілактычная акцыя праходзіць на Салігоршчыне

«Маленькі пасажыр — вялікая адказнасць!» – прафілактычная акцыя праходзіць на Салігоршчыне

$ |

З 18 жніўня па 24 жніўня на Салігоршчыне пройдзе рэспубліканская прафілактычная акцыя «Маленькі пасажыр — вялікая адказнасць!», ініцыяваная Дзяржаўтаінспекцыяй Рэспублікі Беларусь.

Паводле інфармацыі гэтага ведамства, толькі ў Мінскай вобласці штогод рэгіструецца каля 70 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх.

У сумнай статыстыцы гэтага года значацца і 2 такія аўтааварыі, якія адбыліся ў Салігорскім раёне.

Так, напрыклад, 27 красавіка на аўтадарозе Мінск — Мікашэвічы кіроўца-самавук не справіўся з кіраваннем аўтамабілем «Volvo». Аўтамашына, з'ехаўшы ў кювет, стукнулася ў дрэва. Непрышпіленыя рамянямі бяспекі кіроўца і трое пасажыраў ва ўзросце 15, 16 і 17 гадоў атрымалі траўмы і былі шпіталізаваны.

12 чэрвеня 39-гадовая жанчына-кіроўца пры выездзе з другараднай дарогі не саступіла дарогу аўтамашыне "МАЗ". У выніку сутыкнення пацярпелі і былі змешчаныя ў бальніцу чацвера дзяцей-пасажыраў «легкавушкі»: двое хлопчыкаў ва ўзросце 10 і 15 гадоў і дзве дзяўчынкі — 8 і 10 гадоў. Непаўналетнія пасажыры перавозіліся без аўтакрэсел і рамянёў бяспекі.

Не за гарамі — пачатак навучальнага года і актыўная перавозка дзяцей з месцаў летняга адпачынку да месца жыхарства і вучобы.

Праваахоўнікі на дарогах будуць ажыццяўляць кантроль ва ўзмоцненым рэжыме за выкананнем вадзіцелямі правілаў бяспечнай перавозкі непаўналетніх пасажыраў. Парушальнікі будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

Нагадаем, што кіроўцам, якія парушылі правілы перавозкі дзяцей, пагражае ў адпаведнасці з часткай 5 артыкула 18.14 КаАП Рэспублікі Беларусь штраф у памеры да 4 базавых велічынь. (Цяпер 1 базавая велічыня складае 25,5 рублёў). Але самае страшнае — парушэнні могуць прывесці да чалавечай трагедыі.

Print Friendly, PDF & Email