25 красавіка рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне "Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на водах» (ОСВОД) адзначыць сваё 147-годдзе. Гэтую выдатную дату адзначаць і работнікі Салігорскай выратавальнай станцыі.
У гэтым калектыве на чале з А.Л. Місько працуюць 20 прадстаўнікоў розных спецыяльнасцяў: вадалазы, матарысты-рулявыя выратавальных катэраў, матросы-ратавальнікі і медыцынскія сёстры. Неацэнна іх праца па ратаванню людзей на вадзе, калі гаворка ідзе літаральна пра жыццё і смерць, а лік - на секунды. У мінулым годзе, паводле слоў Андрэя Леанідавіча, было выратавана 8 чалавек. Колькасць жа папярэджаных грамадзян - у дзесяткі разоў больш.
На жаль, не абыходзіцца без трагедый. У 2018 годзе ў розных раёнах Мінскай вобласці вадалазам Салігорскай выратавальнай станцыі давялося ажыццяўляць пошукі і ўздым са дна вадаёмаў 7 загінуўшых людзей.
У ратавальнікаў клопатаў поўна круглы год. Узімку нагляд патрэбен за рыбакамі, якія так і імкнуцца прайсціся па тонкім лёдзе. З пачатку года ўжо папярэджаны 47 чалавек за парушэнні правілаў паводзін на вадзе. Пераважна, гэта рыбакі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення альбо без выратавальных камізэлек ў лодцы.
З надыходам цёплых вясновых дзянькоў да Салігорскага вадасховішча накіроўваюцца аматары адпачынку на прыродзе, у тым ліку са сваімі малалетнімі дзецьмі. Работнікі выратавальнай станцыі нагадваюць ім пра неабходнасць кантролю за дзеткамі, асабліва паблізу вады.
Аднак гэтым праца ратавальнікаў не абмяжоўваецца. Яны ўвесь час праводзяць тлумачальна-прафілактычную работу сярод вучняў, дашкольнікаў і ў працоўных калектывах прадпрыемстваў, а таксама арганізуюць майстар-класы і паказальныя выступленні. Словам, Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на водах робіць усё магчымае, каб колькасць няшчасных выпадкаў на вадзе звесці да нуля.
У цяперашні час поўным ходам ідзе падрыхтоўка да купальнага сезона, які адкрыецца 1 мая.
Як заўсёды, сваё свята работнікі Салігорскай выратавальнай станцыі адзначаць на «баявым» пасадзе. Мы, работнікі раённай газеты, жадаем ім здароўя, дабрабыту, поспехаў у іх нялёгкай, але вельмі важнай працы.
Популярные новости


