Главная >> Чалавек і закон >> За ілжэсведчанне ў судзе пакараныя 11 салігарчанаў

За ілжэсведчанне ў судзе пакараныя 11 салігарчанаў

$ |

Судом Салігорскага раёна вынесены прысуд 31-гадоваму жыхару нашага горада, які прызнаны вінаватым у дачы заведама ілжывых паказанняў. У адпаведнасці з артыкулам 401 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, яму прызначана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 60 базавых велічынь, гэта — 1 470 рублёў.

У судзе, выступаючы ў якасці сведкі, калі разглядалася крымінальная справа ў дачыненні да калегі, салігарчанін даў ілжывыя паказанні. І гэта нягледзячы на тое, што ён быў пад распіску папярэджаны судом аб адказнасці за ілжэсведчанне. Пераступіць закон салігарчанін адважыўся ў імкненні дапамагчы свайму калеге пазбегнуць адказнасці за цяжкае злачынства. Але жыццё ў чарговы раз пацвердзіла, што рыск — не заўсёды высакародная справа.Салігарчанін ў судзе спецыяльна дапусціў скажэнне абставінаў і фактаў, якія маюць дачыненне да крымінальнай справы. За гэта і паплаціўся ...

- Абавязак кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь даваць праўдзівыя паказанні пры разгледжанні крымінальных, грамадзянскіх і эканамічных спраў альбо ў ходзе папярэдняга следства ці дазнання, — каментуе сітуацыю намеснік пракурора Салігорскага раёна Дзмітрый Савановіч. — За дачу заведама ілжывых паказанняў сведкі і пацярпелыя нясуць крымінальную адказнасць у адпаведнасці з артыкулам 401 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Абвінавальчы або апраўдальны характар паказанняў не ўплывае на крымінальна-прававую ацэнку злачынства. Мэты і матывы не ўплываюць на кваліфікацыю дадзенага злачынства.

Дарэчы, спробы ілжэсведчання — з'ява не такая рэдкая. У 2017 годзе Салігорскім раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь былі перададзены ў суд 12 крымінальных спраў, узбуджаных у адпаведнасці з артыкулам 401 Крымінальнага кодэкса.

У 2018 годзе судом нашага раёна 11 асобаў асуджаны да розных відаў пакаранняў, прадугледжаных дадзеным артыкулам. Гэта штраф ці арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да 2 гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў, а ў некаторых выпадках — і да 5 гадоў.

Так што, перш чым, як той казаў, крывіць душой, варта задумацца пра магчымыя наступствы.