Главная >> Грамадства >> Родная мова для самых маленькіх

Родная мова для самых маленькіх

$ |

Беларуская мова мілагучная і вобразная, шчырая і пяшчотная. Вам падабаецца яе гучанне? А як часта вы размаўляеце на дзяржаўнай мове? Ці чуеце гаворку на матчынай мове ў паўсядзённым жыцці? Ці патрэбна яна ўвогуле сучаснаму грамадству? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказ у дзіцячым садку № 16 г. Салігорска.

 

 

Ідэйны натхняльнік і арганізатар мерапрыемства, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДУА «Сад-яслі № 16 г. Салігорска» Ірына Марозава запрасіла калег на своеасаблівую размову. Прапанавала намеснік загадчыка не сусім звычайную форму мерапрыемства. Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі праблему ў межах трох дысцыплін: адукацыі, літаратуры і мастацтва. У ролі экспертаў выступілі госці сустрэчы паэт Фёдар Фёдаравіч Гурыновіч і народны майстар Раіса Аляксандраўна Раманеня.

 

 

Паэт і празаік Фёдар Фёдаравіч пазнаёміў удзельнікаў з творчым шляхам, прыгадаў некалькі цікавых гісторый з уласнага жыцця і прапанаваў слухачам вершы на беларускай мове:

- У вас пытанне пастаўлена так: ці патрэбна беларуская мова? А вы знайдзіце самую маленькую нейкую народнасць, якая б размаўляла на чужой мове! Прабачце, але кожная птушка, кожная жаба мае сваю мову. А мы, беларусы, хіба ж бязмоўныя? А між тым наша мова прыгожая, сакавітая, цёплая, мяккая, шчырая – адна з найлепшых моў свету. Першую кніжку, мусіць, пад уплывам Ясеніна, я напісаў на рускай мове. Але яе "зарэзалі" крытыкі. Неўзабаве пачаў пісаць на роднай мове. І зразумеў, что трэба пісаць, гаварыць і думаць на той мове, якую ўпітаў з малаком маці. Няма народа без мовы і гісторыі. Хіба ж мы бязродныя Іваны? Чаму мне гэта мова запала ў душу? Мусіць, у нашы школьныя гады больш звярталі ўвагу на беларускую мову, нават матэматыку мы вучылі па-беларуску. Ізноў-такі, з чаго пачынаецца паэзія, да і не толькі паэзія, увогуле, мастацтва? Калі нейкі ўзрух на душы: першае каханне, ці, не дай Бог, страта блізкага чалавека. У класе восьмым я закахаўся ў дзяўчынку з суседняй парты і пачаў пісаць. Адзін з вершаў “Лілеі” наважыўся паслаць у Саюз пісьменнікаў да Петруся Броўкі. Ён уласнаручна напісаў мне пісьмо, у якім адзначыў, што я дрэнна ведаю рускую мову, на якой пішу, і сістэма вершаскладання кульгае – я памятаю гэта пісьмо. І калі крышку пазней напісаў вершы на беларускай мове, то іх адразу прыняў часопіс “Маладосць”, а пасля “Беларусь”, “Полымя”. Мэтрам, маім любімым пісьменнікам быў і застаеццца Рыгор Барадулін. Калі паступаў ва ўніверсітэт, панёс свае вершы ў Саюз пісьменнікаў. Той жа Рыгор Іванавіч пачытаў, па-бацькоўску абняў, падпісаў мне кніжку, адным словам, натхніў на творчасць. У мяне такая радасць была на душы. Пасля гэтага я пайшоў, не ведаю чаго, у гаспадарчы аддзел універмага. Лета, пакупнікоў амаль не было, стаяла прадавец з вельмі сумнымі вачыма, юначы чубчык спадаў на лоб… Я падышоў, пазнаёміўся. І тут мяне панесла: я пахваліўся, што мае вершы заўважыў Рыгор Барадулін. А дзяўчына так усміхнулася: “А ў Пушкіна вы не былі?” І вось ужо 47 гадоў жывем разам.

 Раіса Аляксандраўна Раманеня звярнула ўвагу на народнае рамяство. Удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з творчасцю мастака Анатолія Смоліча. Выступілі таксама выхаванцы дзіцячага садка. Народныя касцюмы і шчырыя ўсмешкі маленькіх музыкаў і танцораў узнялі настрой гледачоў. Працаўнікі дзіцячага садка на прыкладзе сваёй установы адукацыі паказалі, якія формы і метады работы практыкуюць выхавальнікі з бацькамі і дзецьмі , прадставілі метадычную літаратуру і краязнаўчыя куткі, якія размешчаны ў дзіцячых групах.

  • Ад нас з вамі залежыць, якім будзе наступны дзень. Зразумела, что немагчыма насадзіць мову і прымусіць на ёй размаўляць. З гэтай нагоды мы запрасілі гасцей, каб паказаць, што мова – жывы арганізм, які развіваецца толькі ў жывым асяроддзі. У грамадстве, якое мае ўласнае, адметнае мастацтва, культуру, літаратуру і навуку. Для гэтага патрэбна, каб мова стала для нас неабходнай і моднай. Кожны з нас здольны змяніць лёс роднай мовы ў лепшы бок», - нагадала гасцям і ўдзельнікам сустрэчы арганізатар і вядучая Ірына Марозава.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Фото автора