Главная >> Сельская гаспадарка >> Вікторыя - значыць, перамога

Вікторыя – значыць, перамога

$ |

За мінулы год адкрытае акцыянернае таварыства “Вікторыя-Агра” атрымала ад кожнай кароўкі дойнага статка ў сярэднім па 5307 кілаграмаў малака. Гэта на 392 кілаграмы больш, чым за 2016-ы. Рэнтабельнасць продажаў сырадою дасягнула 4,2 працэнта – на 2,4 працэнта вышэй пазалеташняй. З такіх вось, здавалася б, дробных працоўных перамог і складаецца агульны поспех дзейнасці згаданай гаспадаркі.

 


 

У пачатку варта нагадаць, што ў раёне працягваецца акцыя “Наш жывёлавод”, якую праводзіць райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Мэта акцыі – падвесці вынікі дзейнасці жывёлаводаў Салігоршчыны за 2017 год, заахвоціць лепшых. На мінулым тыдні старшыня райкама Мікалай Ткачык пабываў у ААТ “Вікторыя-Агра”.

 

Летась аператары машыннага даення кароў МТК “Акцябр” атрымалі ад кожнай тутэйшай рагулі ў сярэднім па 6050 кілаграмаў малака – значна больш, чым у 2016-м. Сказалася і добрая забяспечанасць кармамі, і высокая іх якасць, і ўдасканаленне тэхналогіі кармлення і догляду жывёлы, і належная работа па ўзнаўленні статка. Важкі ўнёсак у агульны поспех, на думку заатэхнічнай службы “Вікторыя-Агра”, зрабіў даглядчык кароў Дзмітрый Жгун.

 

Дзмітрый Віктаравіч ужо два гады працуе на МТК. Пераехаў у Акцябр разам з сям’ёй з Любанскага раёна (жонка Марыя Анатольеўна працуе таксама на комплексе аператарам па штучным асемяненні жывёлы). Тут і заробкі большыя, і жыллём забяспечылі. Дык і стараецца выконваць свае абавязкі добрасумленна і бездакорна. За гэта і атрымаў заахвочванне ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК.

 

Такое ж заахвочванне атрымала і Ірына Канановіч. Яна ўжо больш за тры дзясяткі гадоў шчыруе на МТК. І фуражырам, і даяркай. Зараз Ірына Міхайлаўна працуе ў радзільным аддзяленні комплекса – даглядае “запушчаных” рагуль (а іх заўсёды пад сотню), прымае ацёлы, выпойвае нованароджаных цялятак малозівам, перадае іх пад апеку цялятніцам. Дарэчы, захаванасць тых самых нованароджаных цялятак у жанчыны дасягае 98 працэнтаў.

 

Малочна-таварная ферма вёскі Рассвет вызначаецца сярод іншых даволі рэдкай з’явай: тут аператарам машыннага даення кароў працуе… мужчына. Сяргей Наумовіч. І працуе надзвычай старанна, на высокім прафесійным узроўні. У мінулым годзе на МТФ, паводле слоў яе загадчыцы Наталлі Саніковіч, ад кожнай рагулі атрымана ў сярэднім па 5532 кілаграмы малака. Плюс 833 кілаграмы да ўзроўню папярэдняга года.

 

- На гэтай ферме некалі даглядчыкам жывёлы быў мой бацька, а маці – даяркай, - расказвае Сяргей Мікалаевіч. – Калі маці пайшла на пенсію, я заступіў на яе месца. І вось ужо дванаццаць гадоў даю кароў. Справа гэтая мне падабаецца. Ды і прывык!

 

На малочна-таварнай ферме вёскі Веска Мікалай Ткачык заахвоціў аператара штучнага асемянення рагуль Вольгу Ганчар. Жанчыну можна па праву лічыць майстрам сваёй справы: выхад цялят на сто кароў у Вольгі Леанідаўны складае 95 працэнтаў. Паказчык надзвычай высокі!

 

У кожнага з заахвочаных (а спіс тых, хто гэтага дастойны, даволі вялікі) у “Вікторыі-Агра”, як бачна, свая ўласная вікторыя – працоўная перамога. Што ж, няхай такіх вікторый у гаспадарцы будзе як мага болей!

 

 

01_56.jpg

 

02_53.jpg

 

03_52.jpg

 

04_52.jpg

 

05_45.jpg

 

06_52.jpg

 

07_47.jpg

 

08_49.jpg

 


На здымках: старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Ткачык заахвочвае Ірыну Канановіч з МТК “Акцябр”; Дзмітрый Жгун; Сяргей Наумовіч; Вольга Ганчар.

Фота аўтара

Print Friendly, PDF & Email