Хуткасць, рызыка, аўтамабілі. Гонкі міні-формулы – 1 у закрытым памяшканні, або спаборніцтвы па трасавым мадэлізму ў Салігорску
Вам няма 18 гадоў, вы яшчэ не атрымалі права на кіраванне аўтамабілем, але любіце хуткасць, драйв і азарт? Сардэчна запрашаем на XVII рэспубліканскую спартакіяду навучэнцаў па тэхнічных відах спорту «Тэхнаспорт» (спаборніцтвы па трасавым мадэлізму). Тут вас чакае напружаная барацьба, адна з лепшых хуткасных трас і нечаканыя павароты фартуны.
У Цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна з 11 па 13 красавіка 2019 гады праходзіць XVII Рэспубліканская спартакіяда навучэнцаў па тэхнічных відах спорту «Тэхнаспорт» (спаборніцтвы па трасавым мадэлізму). Салігорск традыцыйна прымае ў сябе лепшых прадстаўнікоў краіны ў дадзеным відзе спорту, бо менавіта ў нас маецца аптымальная пляцоўка для правядзення турніру.
У спаборніцтвах прымаюць удзел каманды з шасці абласцей Рэспублікі. Так як спартакіяда школьнікаў, спаборнічаюць хлопцы ва ўзросце да 18 гадоў, якія навучаюцца ва ўстановах агульнай і сярэдняй адукацыі. У гэтым годзе ёсць асаблівыя моманты, адрозныя ад папярэдніх турніраў:
- Упершыню ў рэспубліканскіх спаборніцтвах прымае ўдзел спартсмен, якому споўнілася ўсяго шэсць гадоў (у складзе каманды Магілёўскай вобласці);
- Удзельнічаць у спаборніцтвах па трасавым мадэлізму будзе дзяўчына (у складзе каманды Гродзенскай вобласці);
- Галоўным суддзёй спаборніцтваў прызначаная прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва (традыцыйна гэта было мужчынскай прэрагатывай).
- У барацьбу за тытул зноў уступіла каманда Гомельскай вобласці (некаторы час у рэгіёне не было аб'яднання па інтарэсах адпаведнага профілю).
Галоўны суддзя спаборніцтваў Анжэла Банадысева пазначыла некалькі ключавых момантаў спаборніцтваў:
- Турнір традыцыйна прадугледжвае заезды шасці класаў мадэляў. Спартсмен можа прымаць удзел у спаборніцтвах толькі ў адным класе мадэляў. Кожная вобласць вылучыла лепшых спартсменаў, якія прайшлі абласныя этапы. Чарговы раз выхаванцы Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна прадстаўляюць у поўным складзе каманду Мінскай вобласці. Радуе тое, што якасць правядзення спаборніцтваў павышаецца. Расце і ўзровень майстэрства нашых хлопцаў, як пілотаў і механікаў.
Для дзяцей, якія прыехалі ў Салігорск з іншых абласцей нашай краіны, арганізатары спаборніцтваў стварылі не толькі камфортныя ўмовы на турніры, але і максімальна занялі вольны час. У праграме экскурсіі па горадзе, наведванне знакавых месцаў і т.д. Каманды павязуць не толькі добры настрой і новыя ўражанні, але і арыгінальныя сувеніры. Невялікія статуэткі, як сімвал шахцёрскай сталіцы, былі спецыяльна распрацаваны да рэспубліканскіх спаборніцтваў.
Популярные новости


