Главная >> Навіны Салігорска >> «Не сказаў бы, што здзівіўся такой прапанове, але было вельмі прыемна» - Яўген Лазука аб удзеле у эстафеце «Полымя свету»

«Не сказаў бы, што здзівіўся такой прапанове, але было вельмі прыемна» – Яўген Лазука аб удзеле у эстафеце «Полымя свету»

$ |

II Еўрапейскія гульні вось-вось стартуюць. «Полымя свету» ўжо ў сталіцы. Салігорск таксама быў у ліку беларускіх гарадоў, якія прымалі ў сябе эстафету агню. Як гэта было, можна паглядзець тут: http://shahter.by/soligorsk/istoricheskoe-sobytie-v-soligorske-sostoyalas-estafeta-ii-evropejskih-igr-plamya-mira/ . У сталіцы беларускіх шахцёраў эстафета агню пачалася ля Спартыўна-відовішчнага комплексу. Адкрыў эстафету наш зямляк, майстар спорту міжнароднага класа, неаднаразовы чэмпіён і рэкардсмен Беларусі, неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў Еўропы, пераможца міжнародных спаборніцтваў, удзельнік Алімпійскіх гульняў у Пекіне ў 2008 годзе і ў Лондане ў 2012 годзе Яўген Лазука. Сёння мы пагутарылі з удзельнікам эстафеты агню «Полымя свету». Яўген адказаў на некалькі пытанняў нашага выдання.

- Хто вам паведаміў аб мерапрыемстве і вашай ролі?

- З Мінска патэлефанавала спецыялістка ў эстафеце агню «Полымя свету» Алеся Яфімік (Фонд «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года»).

- Як вы адрэагавалі на паведамленне?

- Не сказаў бы, што здзівіўся такой прапанове, але было вельмі прыемна. Бо паўдзельнічаць у такім маштабным мерапрыемстве, свяце спорту заўсёды вялікі гонар.

- Якія пачуцці перапаўнялі вас, калі адкрывалі эстафету і пранеслі агонь па вуліцах горада?

- Спачатку было невялікае хваляванне, усё ж давялося адрываць мерапрыемства. Сабралася вельмі вялікая колькасць гледачоў, адчувалася падтрымка і вялікая ўвага, таму ўжо калі запалілі агонь, і я прыступіў да свайго першага этапу эстафеты, то проста атрымліваў задавальненне!

- Якое значэнне асабіста для вас мае ўдзел у гэтым мерапрыемстве?

- Практычна ўсё жыццё аддаўшы спорту, дабіўшыся вялікіх вынікаў, заўсёды падтрымліваеш і сочыш за спартыўным жыццём краіны, хварэеш і перажываеш. Эстафета «Полымя агню» патрэбна для таго, каб не толькі факеланосец прыняў удзел і адчуў важнасць, але і жыхары горада пранікліся духам мерапрыемства.

- Якім будзе ўдзел ва II Еўрапейскіх гульнях для вас? Каго будзеце падтрымліваць?

- На жаль, плавання, як віду спартыўных спаборніцтваў, на гульнях не будзе. Буду сачыць за ўсімі выступамі зборнай Беларусі як заўзяты аматар.

Нагадаем чытачам, што ІІ Еўрапейскія гульні стартуюць 21 чэрвеня і будуць доўжыцца да 30 чэрвеня 2019 года ў Мінску. У найбуйнейшым спартыўным мерапрыемстве кантынента прымуць удзел больш за 4000 спартсменаў з 50 краін. Будзе разыграна 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту (23 дысцыплінах), а таксама ліцэнзіі на Алімпіяду-2020 у Токіа. Падтрымайце нашых спартсменаў! Наведайце спартыўныя спаборніцтвы!

Print Friendly, PDF & Email