Главная >> Навіны Салігорска >> Нікога не чакалі, паехалі самі: як рэдакцыя «Шахцёра» прыбірала смецце ў лесе

Нікога не чакалі, паехалі самі: як рэдакцыя «Шахцёра» прыбірала смецце ў лесе

$ |

У гэтыя вясновыя дні ўсе працоўныя калектывы раёна становяцца актыўнымі ўдзельнікамі суботнікаў: работнікі прамысловых прадпрыемстваў і сельскагаспадарчых арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў, прыродаахоўныя і лесагаспадарчыя службы, прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, моладзь і проста актыўныя грамадзяне, узброіўшыся граблямі і венікамі, дружна займаюцца навядзеннем парадку і добраўпарадкаваннем усіх куткоў Салігоршчыны.

 

Унёс сваю малую лепту ў вялікую справу і «Шахцёр». Суботнік у нас атрымаўся спантаны і эмоцый пасля сябе пакінуў шмат, аднак аб усім па парадку....

 

Ініцыятыву зрабіць добрую справу супрацоўнікі рэдакцыі праявілі самі, а месца правядзення нашага суботніка было абрана не выпадкова. У канцы сакавіка ў рэдакцыю нашага выдання звярнуўся жыхар «Памесця» з просьбай дапамагчы яму праз газету знайсці валанцёраў, якія дапамогуць навесці парадак у лесе, які прымыкае да садовага таварыства «Гарняк-2». Справа ў тым, што дачнікі ўжо даўно ўзялі за звычку выносіць у гэты лес смецце... Уладзімір Рыгоравіч наракаў на тое, што даўно ўжо не можа знайсці праўду, каму належыць гэтая тэрыторыя. А паколькі лес нічыйны, то і там прыбірацца ніхто не хоча. Прадстаўнікі нашага працоўнага калектыву не доўга думалі і вырашылі, што раз ужо нікому няма справы, прыедзем і прыбярэм там самі.

 

Узброіўшыся граблямі, пальчаткамі і вялікімі мяшкамі для смецця, мы ўсёй рэдакцыяй адправіліся да дачнага пасёлка. Толькі каля першага прыпыначнага пункта, мы сабралі поўны мяшок пустых пластыкавых і шкляных бутэлек, а таксама аднаразовых шкляначак..... Чым далей мы паглыбляліся ў лес, тым мацней эмоцыі бушавалі ў кожным з нас. Надуўны басейн, пластыкавыя скрынкі, абутак, плёнка ад парнікоў.... Што толькі мы не знайшлі ў гэтым прыгожым кутку нашай малой радзімы. Вынік нашага спантанага суботніка – дзясяткі мяшкоў смецця. Нам было не складана, мы зрабілі гэта з энтузіязмам і з велізарным жаданнем зрабіць свет вакол крышачку лепш. Але, на жаль, аднаго нашага жадання мала і сілы нашай невялікай рэдакцыі небязмежныя.

 

 

Мы хацелі б звярнуцца да ўсіх жыхароў Салігоршчыны, а асабліва да тых людзей, за якімі ў мінулы чацвер мы прыбіралі смецце: задумайцеся, што вы хочаце пакінуць пасля сябе - звалку ці ўсё ж чыстыя абшары жывой прыроды? 

 

 

А тым, хто ўсё яшчэ думае, ці варта хадзіць на суботнікі, мы сёння гаворым адназначна – канешне варта! І мы вельмі спадзяемся, што уласным прыкладам зможам прыцягнуць неабыякавых грамадзян да праблем чысціні і парадку. І дарэчы, супрацоўнікі нашай рэдакцыі на працягу красавіка яшчэ не раз прымуць удзел у справе навядзення парадку на зямлі. Далучайцеся і вы, разам мы зможам больш!

 

 

  

   

  

 

Ну, а напрыканцы, адзначым, што адразу пасля вяртання з суботніка мы зрабілі афіцыйны запыт і зусім хутка высветлім, каму ж афіцыйна належаць гэтыя «нічыйныя» землі. Працяг гісторыі вынікае, сачыце за нашымі навінамі.

 

Print Friendly, PDF & Email