Драчаўская школа святкавала Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці

Драчаўская школа святкавала Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці

За ўраджай закончылася бітва –
Святкуе перамогу хлебароб!
Абрусам вышываным стол накрыты,
На покуці стаіць прыбраны сноп.

Вось у такі час , восенню, у лістападзе месяцы і святкуюць беларусы Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. 16 лістапада , напярэдадні  свята, Драчаўская базавая школа гасцінна расчыніла  дзверы, сустракаючы аднавяскоўцаў, каб павіншаваць са святам.


Завіталі ў госці працаўнікі фермы, паляводы, механізатары. Самыя шчырыя словы падзякі гучалі ў гонар землякоў. Святочная праграма з удзелам настаўнікаў, вучняў школы, самадзейных артыстаў вёскі  атрымалася вельмі шчырай, цікавай, змястоўнай. Гучалі дзіцячыя песні, песні народныя. Не сціхалі ў зале жарты, смех, апладысменты. Спявалі разам артысты і гледачы.  Пранікнёна, ад душы, з удзячнасцю да землякоў, да людзей працавітых, адданых сваёй справе.  На тварах усмешкі, а на вачах часам слёзы.

Асаблівыя словы падзякі гучалі ў гонар вучняў школы. Ім дзякавалі за тое, што яны такія артыстычныя, шчырыя, прыгожыя, незвычайныя, непаўторныя, творчыя.   На гэтым сустрэча не скончылася. Удзячныя гледачы, выказалі словы падзякі і пачаставалі дзяцей прысмакамі.

І здаецца,  што  няма нічога даражэйшага ў свеце, чым радасць у вачах дзяцей і дарослых. Падчас такіх сустрэч  дзеці  сталеюць,  а дарослыя маладзеюць душой.    І   няхай такіх сустрэч і такіх свят будзе больш  у нашым жыцці.

І сонейка ласкавае смяецца.
Святкуюць вёскі, аграгарадкі.
Без хлеба Беларусь не застанецца,
Як хлебароб руплівы ў нас такі!

Святлана Міхнавец, старшыня прафсаюзнага камітэта

КАТЕГОРИИ
Поделиться