Солигорский писатель Фёдор Гуринович – о гражданской позиции, книгах и… охоте

Солигорский писатель Фёдор Гуринович – о гражданской позиции, книгах и… охоте

«Паляўнічая паэма» — менавіта так называецца кніга, за якую беларускі пісьменнік, журналіст з Салігорска Фёдар Гурыновіч на Дні беларускага пісьменства ў Івацэвічах атрымаў Нацыянальную літпрэмію ў галіне паэзіі. Гэта прэстыжная дзяржаўная ўзнагарода за лепшыя творы года зацверджана ў 2015-м Міністэрствам інфармацыі і Саюзам пісьменнікаў Беларусі.


 
На думку крытыкаў, да гэтага часу твора, падобнага на «Паляўнічую паэму» (акрамя «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага), не было ні ў рускай, ні ў беларускай паэзіі. Гэта гімн не толькі паляванню, але і роднай прыродзе, напісаны на дзвюх мовах. Тут яскрава прасочваецца грамадзянская пазіцыя, патрыя­тызм паэта. Ён расказвае пра прасторы мілага сэрцу краю, захапляецца іх прыгажосцю, падкрэслівае любоў да сваёй зямлі, звяртае ўвагу на недапушчальнасць экалагічных праблем.

— Люблю сваю радзіму — і малую, і вялікую, — акцэнтуе ўвагу аўтар. — Таму і апяваю яе, таму і прысвячаю многа вершаў, празаічных твораў. У нас самыя працавітыя людзі, самая прыгожая зямля. Лічу патрэбным пра гэта расказваць, тым больш пра свой дарагі край ёсць што сказаць. Першым чынам гэта павінен рабіць пісьменнік, каб кожны чытач зразумеў, што жыве ў самай прыгожай, пацалаванай Богам, шчодра адоранай рэкамі, азёрамі, пушчамі краіне. 

Чакае дзіка і піша вершы

Зборнік «Паляўнічая паэма» аздоблены акварэльнымі малюнкамі, напоўнены яркімі вобразамі, вясёлкавымі колерамі ўсіх пор года, галасамі звяроў і птушак, чытаецца на адным дыханні: «На плёс начны бабры там выплываюць // З хвастамі, нібы ў казачных русалак». Або: «Там зубр магутны з вёснаў старажытных // Па верасе спружыністым блукае // І барадой, мяцелістай, густою, // Змятае хвою з векавых сцяжын».

— Для мяне стала абсалютнай нечаканасцю, калі патэлефанавалі з Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і паведамілі, што кнігу «Паляўнічая паэма» вылучаюць на суісканне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, — прыгадвае Фёдар Гурыновіч. — Патлумачу чаму. У грамадстве склалася такое меркаванне, што паляванне і любоў да прыроды — гэта парадокс. Аднак я прапагандую зусім іншую філасофію, таму пастараўся ў паэме яе данесці: ніхто іншы, як паляўнічы, так не любіць і не беражэ прыроду.

Чаму Фёдара Гурыновіча натхняе менавіта гэтая тэма і адкуль настолькі глыбокае яе раскрыццё? Больш за 55 гадоў прайшло з таго часу, калі аўтара прынялі ў Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, да таго ж ён ганаровы сябра гэтага аб’яднання. З самага дзяцінства, адзначае суразмоўца, ён хадзіў у лес ра­зам з татам-паляўнічым:

— Калі бацька ўзяў мяне на балота і я ўбачыў, як пасля стрэлу на ваду ўпалі дзве крыжанкі, захварэў на гэты занятак цяжка і назаўсёды. О, якім жа гарачым паляўнічым я быў! Дый зараз застаюся. Пачынаў з маленькіх кулік-вераб’ёў, лася і дзіка. У ліку трафеяў таксама качкі, бабры, цецерукі, воўк. Усе вершы нараджаюцца на паляванні — гэта мая творчая лабараторыя: «Які там пісьмовы стол! // Прырода — мой дом бясцэнны. // Нябёсы — ну чым не столь? // А лес — ну хіба ж не сцены?»

На прыродзе завучыш верш, прыйдзеш дадому — нешта запішаш, але ўсё роўна аднавіць акурат так, як было, не атрымаецца. Таму іншым разам пісьменнік бярэ з сабой у лес дыктафон. Так было, калі складаў вялікую паэму «Роднасць», якую паважаныя пісьменнікі назвалі энцыклапедыяй вясковага жыцця, параўналі з «Новай зямлёй» Якуба Коласа. Такія справы — чакаеш дзіка на кукурузу і начытваеш… 

Як сапраўдны паляўнічы, Фёдар Гурыновіч разумее мову звяроў і птушак, да драбнюткіх падрабязнасцей ведае прыкметы надвор’я. Апроч гэтага, ён рыбак і грыбнік. Лес — яго стыхія, тут адчувае сябе ўтульна, па-хатняму. Схільнасць да рыбалкі праявілася таксама з дзяцінства. Пра гэтае сваё захапленне з цеплынёй расказвае ў апавяданні «Кривичский Ров»:

— Не могу не поведать тебе о реке моего детства. Вернее, не о реке даже — о ручье, имя которому Кривичский Ров. Летом мы в нем купались и ловили рыбу — обыкновенной корзиной, в какие копают картофель. Поставишь ее в водоросли на яме, раза три-четыре болтнешь ногой. Ну вот: пара вьюнов, линек, пескари и окунь горбатый. А сколько тут поймано линей да налимов руками! Да-да, сотни их налавливал я каждое лето, прощупывал норы да коряги под берегами.

«Літаратура павінна выклікаць слёзы або смех»

«Паляўнічая паэма» — не адзіны твор у Фёдара Гурыновіча на падобную тэму. Прыкладна праз месяц пабачыць свет зборнік «Прытулак для душы», выключна паляўнічы. Сюды ўвайшло 80 вершаў, 80 малых і 40 вялікіх апавяданняў, дзве паэмы: «Вайса» пра заходнесібірскую лайку і «Чорна-буры» пра лёс ліса.

А ў выдавецкім доме «Звязда» хутка выйдзе дзіцячае перавыданне «Птушынай азбукі» з загадкамі. Творамі для хлопчыкаў і дзяўчынак пісьменнік стаў займацца прыкладна з пачатку 1990-х. Усё ўдавалася даволі лёгка, хутка склаў першую кнігу для малых.

— У выдавецтве яе ўхвалілі, і гэта вельмі натхняла, — прыкмячае Фёдар Гурыновіч. — Зараз таксама калі-нікалі бяруся за дзіцячае пяро. Няма вялікай розніцы: пісаць для падрастаючага пакалення ці дарослых. На маю думку, сучасная літаратура, каб карыстацца запатрабаванасцю, павінна расказваць пра рэчаіснае жыццё, кранаць душу, выклікаць слёзы або смех. У мяне многа любімых аўтараў, сярод якіх Віктар Астаф’еў, Вадзім Чарнышоў, Віктар Карамазаў. Зараз, напрыклад, пішу кніжку «Помніцца ўсё, што не забываецца» пра сваё дзяцінства. Гэта, дарэчы, самая шчаслівая, цёплая пара.

Фёдар Гурыновіч нарадзіўся ў 1950 годзе ў вёсцы Крывічы на Салігоршчыне і пасля школы паступіў у Салігорскі горна-хімічны тэхнікум. Першыя паэтычныя спробы апублікаваў у газеце «Балтийский луч» (служыў у гора­дзе Ламаносаве Ленінградскай вобласці). Пасля звальнення ў запас скончыў завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі БДУ і 30 гадоў адпрацаваў у шматтыражцы на розных пасадах — ад карэспандэнта да рэдактара. Дарэчы, першая публікацыя аўтара з’явілася ў газеце «Знамя юности» ў 1972 годзе. Зараз яго творчы багаж — больш за 30 зборнікаў паэзіі і прозы, сем з якіх адрасаваны юнаму чытачу. Некаторыя дзіцячыя вершы ўвайшлі ў падручнікі па беларускай мове і літаратуры для малодшых класаў.

На Салігоршчыне ведаюць і шануюць земляка, які прысвяціў шмат твораў шахцёрскаму краю і роднай прыродзе. Асабліва гэта прасочваецца ў яго кнігах «Хлеб и соль», «Застаецца вера», «Вішня цвіце»: «Вечар. Трава. Радзіма. // Тут наш высокі поўдзень. // Тут наш глыбокі корань». Яго паэма «Год — как жизнь, жизнь — как год» цалкам аўтабіяграфічная, дзе пісьменнік аднаўляе ў памяці эпізоды вясковага дзяцінства, паэтычна апісваю цяжкую сялянскую працу.

Такое мілае дзяцінства

 
Самыя прыемныя ўражанні ў пісьменніка звязаны менавіта з маленствам, у чым можна пераканацца, чытаючы кнігу «Мой храм». Тут расказваецца пра многія прыгоды. Напрыклад, пра тое, як па восені Фёдара і яго аднагодкаў ахоплівала неўтаймоўная цяга да падарожжаў. Яны выразалі з торфу караблікі, падпальвалі іх і пускалі па цячэнні, каб тыя даплылі да самага Чорнага мора:

— Бо настаўнік геаграфіі распавядаў, што роў наш упадае ў Марачанку, тая цячэ ў Случ, якая ў сваю чаргу — у Прыпяць. Вялікая палеская рака перадае свой дар сівому Дняпру, а ён, як вядома, прастуе ў мора. Калі зімы былі снежнымі, а вёсны — дружнымі, роў разліваўся неймаверна, вытоптваў лугі на нізкім левым беразе, зносіў драўляны мост за нашымі Крывічамі. Аднае вясны, калі ён суцішыўся і запаў у сваё русла, пазносілі мы ў кучу паводкай раскіданыя па берагах бёрны драўлянага маставога насцілу, збілі іх скобамі і на гэтым плыце вырашылі адправіцца ў тое самае Чорнае мора. 

Малыя вандроўнікі запасліся сухарамі, салам ды кансервамі, падлічылі, што праз тыдні два даплывуць. Толькі пра задуму аднекуль даведаліся дарослыя.

— І бацькоўскія рамяні надоўга астудзілі наш вандроўніцкі сверб, — усміхаецца Федар Гурыновіч.

Ці чарговая прыгода. Як многія школьнікі ў той час, хлопчык Фёдар збіраў этыкеткі ад запалак. Пасля заняткаў хадзіў нават у суседнія сёлы, каб сарваць з пачка наклейку. Ажно дрыжалі рукі, калі надаралася рэдкая этыкетка, і да слёз было крыўдна, калі яна рвалася:

— Аднойчы я ўклаў у канверт тры рублі і напісаў слёзнае пісьмо ў Пензу, на запалкавую фабрыку «Белка» (адрас значыўся на карабку), з просьбай пры­слаць этыкетак. У хуткім часе атрымаў пузаты канверт. Якім жа я быў шчаслівым! Аказваецца, этыкеткі гэтыя выпускаліся серыямі. Сярод дасланых мне запомніліся «Рускія пісьменнікі», «Сталіцы саюзных рэспублік», «Касманаўтыка» з Белкай і Стрэлкай, з Гагарынам. Але больш за іншыя запала ў душу «Паляванне і паляўнічая гаспадарка» — з выявай вокладак майго любімага часопіса. У канверце было нямала і аднолькавых, таму ў заядлых, як сам, калекцыянераў мог выменяць самую рэдкую.

Калекцыі калекцыямі, але на першым плане ў юнака было паляванне. А паколькі стралком быў да самазабыцця гарачым, то катастрафічна не хапала пораху:

 — А без палявання не мог пражыць і тыдня, — расказвае Фёдар Гурыновіч. — І вось уявіце: і маркі, і ўсе памятныя кнігі прамяняў на порах, на таго «Белага мядзве­дзя» ў кампактных картонных каробках, што каштаваў 51 капейку. Нават наручны гадзіннік «Юнацтва», падараваны татам на 16-годдзе, аддаў за паўкаробкі выбуховага парашку. Шкада тых кніг і цяпер, але што прайшло, тое не вернеш.

КАТЕГОРИИ
Поделиться