Главная >> Новости Беларуси >> Бацькаўшчына >> Абрад “Закалыхванне” ў Гаўрыльчыцах

Абрад “Закалыхванне” ў Гаўрыльчыцах

$ |

Унікальны абрад “Закалыхванне” да гэтых дзён праводзяць у Салігорскім раёне, у вёсцы Гаўрыльчыцы. Прымеркаваны ён да праваслаўнага свята Благавешчання Прасвятой Багародзіцы.

 

 

 

У нашых продкаў Благавешчанне асацыявалась з прылётам птушак і гуканнем вясны. Добрай прыкметай лічылася ўбачыць бусла – да моцнага здароўя на ўвесь год. Казалі: “На Благавешчанне дзеўка касы не пляце, птушка гнязда не ўе”. Забаранялася і любая праца па гаспадарцы. Таму жыхары вёскі збіраюцца ў цэнтры Гаўрыльчыц, прыносяць дамашнія стравы, распальваюць вогнішча і пачынаюць святкаванне. Раней, калі вёскі яшчэ не было, і людзі жылі на хутарах, гэты абрад таксама праводзілі. Выбіралі паляну ў лесе і збіраліся там. Абрад, канечне, язычніцкі, але за такі доўгі час існавання ён настолькі трансфармаваўся, што дастаткова арганічна ўпісаўся ў святкаванне хрысціянскага Благавешчання.

 

 

 

 

Вернемся да самога абрада. Зранку маладыя хлопцы шукаюць доўгую вяроўку, ці лейцы, ці ланцуг (у народзе яе яшчэ называюць “вужышча”) і чапляюць на вялікія дрэвы. Пакалыхацца прыходзілі з усёй акругі, і старыя, і малыя. Першымі калыхаліся самыя смелыя, так яны правяралі, ці моцнае крапленне калыханкі. А затым ужо на арэлях качаліся па чарзе ўсе жадаючыя.  Па павер’ях нашых продкаў, калі гушкаешся на арэлях, трэба загадваць самае запаветнае жаданне, а яшчэ сваім родным і блізкім пажадаць шчасця і здароўя. Дзяўчаты маглі прызнацца ў каханні сваім хлопцам.

 

 

 

 

 Людзі вераць, што калі яны пагушкаюцца на арэлях менавіта ў гэты дзень, то ўвесь год яны будуць здаровымі.

 

 

Свята сустракаюць гуртам, весела: танчаць, жартуюць, спяваюць песні, водзяць карагоды, паляць вогнішча. Такім чынам жыхары Гаўрыльчыц вітаюць вясну.

 

 

 

Фота Марыны Арцюшчанка.

 

Print Friendly, PDF & Email