Главная >> Новости Беларуси >> Бацькаўшчына >> Культура і быт беларусаў: мужчынскі касцюм

Культура і быт беларусаў: мужчынскі касцюм

$ |

Гісторыя мужчынскага касцюма на Беларусі дае магчымасць узнавіць знешняе аблічча нашых продкаў, больш глыбока зразумець іх норавы, эстэтычныя густы, быт і характар той ці іншай гістарычнай эпохі.

 


 

Магерка – старадаўні мужчынскі галаўны ўбор. Вядомы ў XVI-XIX стагоддзях па ўсёй Беларусі. Паводле спосабаў вырабу бываюць лямцавыя (валеныя з воўны) і шытыя з чатырох кавалкаў тоўстага валенага сукна. Лямцавыя магеркі мелі выгляд каўпака або ўсечанага конуса, завернуты да палавіны вышыні аколыш шчыльна прылягаў да верху або даходзіў да самага донца. Рабілі магерку вышынёй 15-20 см белага, шэрага, карычневага і чорнага колераў. Насілі круглы год. Высокага майстэрства ў вырабе магерак у XIX стагоддзі дасягнулі шапавалы з мястэчка Дрыбін (Горацкі р-н).

 

 

 

Манішка — нагруднік, пераважна з белай тканіны, прышыты або прышпілены да мужчынскай кашулі. Незамужняя дзяўчына доўгімі вечарамі вышывала манішку для свайго будучага жаніха. А пасля вяселля нашывала яе яму на кашулю.

 

 

 

Пояс, пас  скураная або плеценая, тканая, вітая з нітак доўгая вузкая стужка для падпяразвання. Вядомы з сярэдзіны 1-га тысячагоддзя. На Беларусі бытавалі пераважана паясы тканыя, плеценыя і вітыя, а таксама вязаныя пруткамі і кручком (даўжынёй 150-300 см, шырынёй 1,5-30 см). Арнаментыка народных паясоў вызначаецца разнастайнасцю геаметрычных узораў: падоўжныя, папярочныя і касыя палоскі, крыжыкі, грабеньчыкі, ромбы. Паясы аздаблялі кутасамі, махрамі, бісерам, уплеценым паміж тканымі палоскамі, саламянымі ўстаўкамі, нашытымі кавалачкамі тканіны. Пераважала спалучэнне колераў чырвонага з белым фонам (у невялікай колькасці ўводзіўся жоўты, сіні, зялёны, чорны). Шматколерныя ўзоры характэрны для паясоў Заходняга Палесся. 

Пояс – неад’емная частка нацыянальнага аддзення беларусаў. Ім падпяразвалі кашулі і верхняе аддзенне (мужчынскія паясы былі звычайна шырэйшымі за жаночыя і дзіцячыя). Завязвалі іх вузлом спераду або збоку, абкручваючы вакол стану ў залежнасці ад памераў 1-3 разы, падтыкалі па баках так, каб канцы звісалі на 20-40 см. На паясы ці за поясам насілі сякеру, нож, шабету, капшук, грабеньчык, ключы. Ідучы ў поле або ў лес, на паясы неслі збан з вадой, каробку, палатняную торбу, спарыш з абедам. 

Спецыяльным поясам – спавівачом – спавівалі немаўлят, вузкія ўзорыстая паясы-падвязкі служылі і аборамі. 

Паясы-крайкі прышывалі да спадніц і фартухоў, а вузкімі плеценымі або вітымі паясамі абшывалі каўняры, барты і рукавы світ, падолы спадніц.

 

 

 

Важнае месца адводзілася паясам у розных абрадах. Асабліва вясельным. Дзяўчына дарыла пояс жаніху разам з кашуляй і нагавіцамі напярэдадні  вяселля, бацьку і маці жаніха, музыкам і іншым удзельнікам вяселля. У час вянчання пад ногі маладым клалі пояс і ручнік, да стала маладую вялі таксама на поясы. На другі дзень пасля вяселля, падмятаючы ў хаце, маладая завязвала пояс на венік, а ідучы па ваду, клала пояс разам з кавалкам каравая на студню. На розных этапах вяселля маладой даводзілася дарыць да сотні паясоў (таму дзяўчына пачынала рабіць паясы задоўга да вяселля). 

Поясам абвязвалі першы сноп ураджаю, які ставілі ў хаце на покуці. У час пахавання на паясы вялі каня, які вёз на могілкі нябожчыка. 

Паясам прыпісваліся розныя магічныя функцыі: лічылі, што пояс надае чалавеку сілу, аберагае ад хвароб і няшчасных выпадкаў.

Каб у будучым сямейным жыцці быў дастатак, дзяўчына перад шлюбам развешвала паясы ў хляве, свірне, над скрыняй. Перад Новым годам гаспадыня звязвала поясам розныя прадметы, каб жывёла ў гаспадарцы “паравалася”.

На Беларусі паясы паўсюдна выраблялі да 1930-х гадоў. 

Шабета – невялікая скураная сумачка-кашалёк, у якой насілі крэсіва, сцізорык, люльку, тытунь, медзякі і іншую неабходную дробязь. Называлі таксама каліта, кайсцерка. Тыповая дэталь традыцыйнага касцюма беларуса сярэдняга і пажылога ўзросту ў 18-19 стагоддзі. Насілі з правага боку, мацавалі да пояса або да раменьчыка, перакінутага цераз плячо. Мела форму прамавугольніка з кляпам на ўсю шырыню. Некаторыя былі з 2 кляпамі, некалькімі ўнутранымі адсекамі, фігурным верхам, багата аздобленым арнаментам з рамбічнай сеткі, крыжыкаў, хвалістых ліній, кружкоў, утвораных цісненнем і прасечкай. Шабету ўпрыгожвалі і дэкаратыўным штапам, аплікацыяй, наразнымі скуранымі мохрыкамі, вышыўкай, пляценнем з дробных раменьчыкаў, набіўкамі латунных цвічкоў з блішчастымі плешкамі. Найбольш пашырана на Палессі.

Кашуля, сарочка – асноўная частка мужчынскага і жаночага беларускага народнага адзення. Яе насілі ў любым узросце, у будні і святы, пры любым сямейным і сацыяльным становішчы. Кашуля – важны паказчык этнічнай спецыфікі матэрыяльнай культуры беларусаў. Шылі з ільнянога даматканага палатна. Мужчыны насілі кашулю паверх нагавіц і падпяразвалі поясам, жанчыны запраўлялі ў андарак (ці панёву), запіналі фартухом. Паводле крою вылучаюць 3 тыпы кашуль: тунікападобныя (найбольш старажытныя); с прамымі плечавымі ўстаўкамі (самы пашыраны); з гесткай (з'явіліся ў канцы XIX ст. пад уплывам гарадского касцюма).

 

 

 

Традыцыйная кашуля мела прамы рукаў з манжэтай, адкладны каўнер, прамы разрэз на грудзях, пад пахамі ўстаўныя цвіклі. Бытавалі і кашулі з невысокім стаячым каўняром або без яго.

Кашуля – найстаражытнейшы від адзення на Беларусі, які захаваўся да нашых дзён.

Нагавіцы – штаны, адна з асноўных частак традыцыйнага мужчынскага адзення беларусаў. Называлі таксама порткі. Шылі з аднатоннага ці шарачковага палатна, са зрэбнай або паўсуконнай тканіны, зімовыя — з цёмнага сукна (суконнікі). Вузкія калошы злучалі ў верхняй частцы ромбападобнай устаўкай; зашпіляліся спераду. Былі каўняровыя на поясе (каўнер), які зашпільваўся на калодачку-біргельку ці гузік, і бескаўняровыя на матузку. Калошы ўнізе спадалі свабодна або абкручваліся анучамі і аборамі лапцей. Кашулю насілі паверх нагавіцаў і падпяразвалі поясам. У канцы XIX стагоддзя белыя палатняныя нагавіцы сталі сподняй адзежынай. У XX стагоддзі традыцыйныя нагавіцы выцеснены фабрычнымі вырабамі агульнаеўрапейскага крою.

Лапці – традыцыйны сялянскі абутак, плецены з лыка (лазовага, ліпавага), пяньковых або льняных вітушак ці тонкіх вяровачак. Лыка для лапцяў дралі ў маі-чэрвені, нарыхтоўвалі таксама луццё - тонкія ліпавыя жэрдкі з карой. Лыкавыя скруткі вешалі ў клеці, на гарышчы хаты; перад выкарыстаннем іх размочвалі ў цёплай вадзе (каб былі эластычнымі), луццё распарвалі ў печы і здымалі з яго лыка. У залежнасці ад тэхнікі вырабу вылучаліся 2 тыпы лапцяў: прамога ( пашыраны паўсюдна) і касога (на Усходняй Беларусі) пляцення. Лапці прамога пляцення падзяляліся на некалькі відаў. Найбольш пашыранымі былі кавярзні (глухія лапці, слепакі) – лапці з глыбокім закрытым наском (галоўкай) і запяткам. На Віцебшчыне, часткова Магілёўшчыне плялі шчарбакі (бяспятнікі) – неглыбокія (амаль адна падэшва) лапці без галовак (замест іх спераду былі дзве шырокія лыкавыя пятлі) і запятак, з кожнага боку - пара вузкіх петляў (заборнікі) для прадзявання абор. Шчарбакі насілі пераважна ўлетку на палявых работах. На Палессі, у Гродзенскай і Мінскай губерніі бытавалі так званыя зрачныя лапці, у якіх насок пасярэдзіне зверху быў адкрыты - "вока" (яго стварала адсутнасць пярэдняга вушка - стракі). Лапці прамога пляцення пачыналі плесці з наска (толькі шчарбакі з пяты). У бакавыя вушкі (курцы, куракі) устаўляліся завостраныя з аднаго канца палачкі (сугакі, занозы), падэшву лапцяў для моцнасці падпляталі лыкам з дапамогай жалезнага ці касцянога кручка. Зрэдку ніз лапцяў падшывалі скурай.

 

 

 

Пахлапні (пахрасні) - лапці касога пляцення. Былі пашыраны на беларуска-рускім паграніччы і лічацца рускім запазычаннем. Мелі глыбокія круглыя насы, высокія бакі і запяткі. Пры іх вырабе вузкія, ачышчаныя ад кары палоскі лыка шчыльна падганялі адна да другой; плялі на драўлянай калодцы па памеры нагі. Падэшву падпляталі вітушкамі пянькі ці тонкімі вяровачкамі. Пахлапні часам выраблялі рамеснікі на заказ ці на продаж. Яны лічыліся святочным абуткам, насілі іх па некалькі гадоў. У XIX стагоддзі на Захадзе Беларусі былі пашыраны скураныя лапці - пасталы.

Выраб лапцяў быў пераважна мужчынскім заняткам (іх плялі ў вольны ад работы час, у зімовыя вечары і інш.). Лапці насілі мужчыны і жанчыны, дарослыя і дзеці на працягу ўсяго года. Іх надзявалі на палатняныя анучы, зімой - на суконкі. Дробная шляхта замест ануч ужывала шарсцяныя панчохі.

Print Friendly, PDF & Email