Главная >> Новости Беларуси >> Бацькаўшчына >> Старобіншчына: паходжанне назвы, першыя звесткі і дзень сённяшні

Старобіншчына: паходжанне назвы, першыя звесткі і дзень сённяшні

$ |

Пытаннем, адкуль узялася назва той ці іншай мясцовасці, хаця б аднойчы задаецца кожны з нас. У Старобіна такіх версій (паданняў) некалькі.

 


 

Было гэта даўным-даўно, яшчэ ў часы мангола-татарскага нашэсця. З нарабаваным дабром вяртаўся чужацкі атрад да сябе ў арду і вёў з сабой сто паланёных дзяўчат-прыгажунь. Доўга ішлі, пакуль палескія балоты не заступілі дарогу. Да таго часу скончыліся ўсе запасы ежы, і захопнікі вырашылі пазбавіцца ад лішніх ратоў. З паланянкамі расправіліся вельмі жорстка, закапаўшы жывымі на беразе ракі Случ. З тых часоў месца гібелі дзяўчат сталі называць Старабынь, а пазней — Старобін.

 

З першай легендай звязана і другая, маўляў, калі вестка пра смерць палонных дасягнула родных загінуўшых, іх горка аплаквалі не толькі сем'і, але і ўсё Палессе. У памяць аб пакутніцах былі высаджаны сто рабін, чые гронкі нагадвалі людскія слёзы. Словазлучэнне «сто рабін» з часам і дало назву паселішчу.

 

Яшчэ па адным паданні, на высокім беразе Случы стаяў дом і карчма старога яўрэя Біна. Са Слуцка ў старажытны Тураў па рацэ ішлі гружаныя таварамі баржы, а назад гандляры везлі соль і часцяком спыняліся ў старога Біна на начлег. Знаходзіў у яго прыстанак і просты люд, які шукаў лепшай долі, і сяляне, якія дабіраліся з палявых паселішчаў для нарыхтоўкі сена. Не стала старога Біна, а вось добрая памяць аб гасцінным гаспадары засталася. На пяшчаным беразе сталі сяліцца людзі, і прыжылася назва іх паселішча Стары Бін, а для зручнасці вымаўлення – Старобін.

 

Існуе і яшчэ адна версія ўзнікнення назвы пасёлка, і звязана яна з тлумачэннем самога слова «старобін», якое азначае вельмі старога чалавека. Паводле легенды, на берагах Случы калісьці жылі вельмі моцныя людзі, якія адрозніваліся добрым здароўем, і жылі сто і больш гадоў. Праўда ці не, але ў Старобіне і цяпер нямала доўгажыхароў, якія могуць распавесці шмат займальных гісторый аб мінуўшчыне...

 

 

Першыя звесткі

Першая згадка пра Старобін знойдзена ў фамільным фондзе «Князі Радзівілы», які знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. У дакуменце ад 17 чэрвеня 1646 года. Гаворыцца, што людзям, якія належаць князям Радзівілам, дазвалялася сяліцца і абзаводзіцца гаспадаркай у слабадзе Старобін. У 1680 годзе Старобін лічыўся як слабада Навагрудскага, а затым Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1703 годзе Старобін стаў мястэчкам, у якім было ўсяго чатыры вуліцы: Волацкая, Карпілаўская, Паварчыцкая і Становічская.

 

У канцы XIX стагоддзя ў Старобіне пражывала 3 000 чалавек. Працаваў паравы вятрак, дзейнічалі царкоўна-прыходская школа, лясніцтва, карчма і заезны дом. Аднак голад і галеча суправаджалі старобінскага селяніна ўсё яго жыццё.

 

Калі ў 1915 годзе фронт імперыялістычнай вайны наблізіўся да Старобіна, стала яшчэ горш. З прыходам савецкай улады на Старобінскай зямлі ствараецца рэвалюцыйны камітэт, які ўзначаліў Антон Дрызгаловіч. Але нядоўга праіснаваў ВРК, таму што на беларускую зямлю прыйшлі белапольскія акупанты. І толькі ў 1920 годзе ў Старобіне нарэшце аднавілася мірнае жыццё, а роўна праз год мясцовая школа выпусціла ў дарослае жыццё сваіх першых выпускнікоў. У 1924-м мястэчка становіцца цэнтрам Старобінскага раёна. Праз два гады адкрываецца бальніца на 15 месцаў. У 30-я гады пачалося вывучэнне залежаў карысных выкапняў, а 27 кастрычніка 1938 года Старобін атрымлівае статус гарадскога пасёлка, дзе працавалі сярэдняя школа, клуб і дзіцячы сад.

 

Вялікая Айчынная вайна, калі на тэрыторыі акупаванага Старобіна размяшчаўся гарнізон, які налічваў больш за тысячу гітлераўцаў і паліцаяў, стала самай крывавай старонкай у летапісе пасёлка. Гісторыя партызанскага руху на Старобіншчыне добра вядомая кожнаму жыхару нашай краіны, як і імёны яго славутых герояў: братоў Цубаў, Казлова, Гуляева, Меркуля, Жаўнова, Бародзіча, Хініча, Лопана і іншых. Вайна забрала жыцці 11 556 жыхароў Старобіншчыны. У пасляваенны час у гарадскім пасёлку былі сканцэнтраваны амаль усе прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы раённага маштабу.

 

 

Старобін сёння

У нашы дні гэты прыгожы і добраўпарадкаваны пасёлак нічым не адрозніваецца ад раённых цэнтраў і налічвае 29 вуліц, многія з якіх названы ў гонар сапраўдных герояў Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны: Дрызгаловіча, Каржа, Бандараўца, Гуляева, Сумара.

 

Старобіншчына сёння — гэта сучасная аптэка і бальніца, палац культуры і дзіцячая школа мастацтваў, дзіцячы дом творчасці і дзве бібліятэкі (пасялковая і дзіцячая), фізкультурна-аздараўленчы комплекс і раённы цэнтр рамёстваў, РКБА, ЖЭС № 7, СВК «Старобінскі», дзіцячы сад, школы, храм, торфабрыкетны завод і паштовае аддзяленне, лясгас, пажарная частка, ПМК-10, ДРБУ-166, філіял «Беларусбанка», аўтабаза і, вядома ж, Старобінскі сельсавет, якім паспяхова кіруе Ала Якаўлева — працавітая, адказная і вельмі спагадная жанчына.

 

Храм святога Апостала Іаана Багаслова

 

Дзевяць вёсак размешчаны на тэрыторыі сельсавета: Авіны, Лістападавічы, Крушнікі, Леценец, Паварчыцы, Саковічы, Сіценец, Тычыны і Язавінь.

Print Friendly, PDF & Email