У Жодзіна прайшлі абласныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да святкавання Дня Перамогі
9 мая Жодзіна сабраў прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Мінскай вобласці, каб разам адсвяткаваць 74-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Урачысты мітынг адкрываў старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Ён адзначыў, што «за годы вайны Міншчына панесла велізарныя страты. Але зверствы фашыстаў не зламілі волю народа, і нашы землякі ўнеслі свой важкі ўклад у агульную Перамогу. У кожным населеным пункце вобласці ёсць свае героі. Хай жа іх ахвярны подзвіг жыве ў нашых сэрцах і служыць для нас крыніцай сазідальнай любові да Радзімы».
Па галоўных вуліцах Жодзіна прайшлі воіны-абаронцы Беларусі, таксама былі прадстаўлены некалькі найменняў абароннай тэхнікі, усіх уразіла выступленне спецназаўцаў. Віталі тых, хто сабраўся на мітынг і прадстаўнікі розных грамадскіх аб’яднанняў (сярод іх былі і салігарчане) — Беларускага саюза жанчын, «Белай Русі», Беларускай камуністычнай партыі, Чырвонага крыжа, Беларускага фонда міру і БРСМ.
Кульмінацыяй мітынгу стаў запуск у неба беларускага сцяга, сабранага з паветраных шароў.
Яркім завяршэннем святочных мерапрыемстваў стаў святочны канцэрт, на якім прысутнічала і салігорская дэлегацыя. Больш падрабязна пра Дзень Перамогі ў Жодзіна — у нашым фотарэпартажы.