«Ад прадзедаў спакон вякоў…» У Старобінскай сярэдняй школе гаварылі пра сямейныя каштоўнасці
Пра сямейныя рэліквіі і сямейныя каштоўнасці гаварылі ўдзельнікі суботняй гасцёўні, якая прайшла ў Старобінскай сярэдняй школе ў межах праекта “Нашчадкі традыцый” 25 сакавіка.
Бацькі разам з дзецьмі дзяліліся сваімі сямейнымі гісторыямі, кожная з якіх унікальная і вельмі важная для захавання памяці пра продкаў і ўмацавання сваіх каранёў.
Былі прадстаўлены рэліквіі часоў Вялікай Айчыннай вайны: ікона – падарунак прадзеду польскага ксяндза, нямецкая лыжка-вілка, з якой звязана трагічныя ваенная гісторыя, фатаграфіі і ўзнагароды з сямейных архіваў. Прадметы народнай культуры і побыту: вышытыя ручнікі і просціны, драўляная капілка-грыбок, хусткі – падарунак ад бабулі, унікальная карціна-вышыванка ў самаробнай раме. Ікона, якая была напісана ў іканапіснай майстэрні спецыяльна ў падарунак на вяселле прапрабабулі і прапрадзядулі і беражліва захоўваецца ў сям’і, перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Кожнай сям’і ёсць чым падзяліцца. Гэта незвычайныя і цікавыя для ўсіх казачыя традыцыі або любімыя сямейныя рэцэпты і спечаныя па іх пірагі і торты, гэта песні, якія аб’ядноўваюць сям’ю і якія парадавалі ўсіх удзельнікаў мерапрыемства, гэта дзядулеў гармонік або стары компас, які захоўваецца ў сям’і многія гады, гэта ўзнагароды за ўдарную працу прадзядулі, які атрымаў званне ганаровага жыхара Старобіна…
Падарункам для прысутных сталі таксама відэаролікі, падрыхтаваныя вучнямі школы пра народныя традыцыі і іх захаванне ў сем’ях.
Цудоўна, што жывуць сямейныя традыцыі, жыве і захоўваецца гістарычная памяць, што падрастаючае пакаленне неабыякавае да гісторыі сваёй сям’і і сваёй краіны.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А.Л. Данілевіч