28.06.2017 Среда 22:14
Предложите новость или расскажите по телефону:

8 (0174)

22-03-52

Акцыя "Наш жывёлавод" працягваецца

16.02.2017 | 10:12 |
52

На Салігоршчыне працягваецца акцыя “Наш жывёлавод”, якую праводзіць рэспубліканскі камітэт прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.  На мінулым тыдні старшыня райкама згаданага прафсаюза Мікалай Ткачык заахвочваў лепшых работнікаў жывёлагадоўчай галіны сельскагаспадарчага філіяла адкрытага акцыянернага таварыства “Салігорскі райаграсервіс”.

Па стане на 1 лютага бягучага года, на фермах сельгасфіліяла згаданага ААТ мелася 4727 рагуль. З іх 1670 – дойны статак. За 2016-ты мясцовыя жывёлаводы атрымалі 8274 тоны малака. Гэта на 1031 тону больш, чым у 2015-м. Чвэрць атрыманага сырадою была рэалізавана дзяржаве класам “экстра”, а 46,4 працэнта – вышэйшым гатункам.

Удой жа на кожную кароўку дасягнуў тут у сярэднім 4946 кілаграмаў  малака. Плюс да ўзроўню 2015-га - 723 кілаграмы. Такую важкую прыбаўку старшыня прафкама Салігорскага райаграсервіса Галіна Канчак тлумачыць і паляпшэннем якасці кармоў, што ўводзяцца ў рацыён жывёл, і паляпшэннем умоў утрымання рагуль, і зладжанай работай заатэхнічнай, ветэрынарнай і іншых служб.

 - А яшчэ тым, - гаворыць Галіна Мікалаеўна, - што на нашых фермах падабраліся добрыя калектывы. Усе стараюцца працаваць з максімальнай аддачай.

Узяць хаця б маладога аператара машыннага даення кароў з МТФ участка “Морынскі”, размешчанай у вёсцы Вялікі Рожан, Лілію Сячко. За мінулы год Лілія Мікалаеўна надаіла ад кожнай рагулі замацаванай за ёй групы ў сярэднім па 5040 кілаграмаў малака. Жанчына працуе на згаданай ферме два гады (раней была паляводам) і ўжо паспела займець аўтарытэт сярод калег па рабоце, заслужыць іх павагу.

Дарэчы, паводле слоў начальніка ўчастка “Морынскі” Міхаіла Сушко, раней вялікарожанская МТФ не надта радавала сваімі вытворчымі вынікамі. Але апошнім часам калектыў значна абнавіў-ся. У яго ўліліся маладыя даяркі, якія хочуць зарабляць больш грошай. А каб больш зарабляць – трэба старацца. Вось і стараюцца. Так, ужо сёлета ў сту-дзені сярэднясутачныя надоі ад кожнай кароўкі дойнага статка складалі 16 літраў малака. І спыняцца на тым на МТФ не збіраюцца.

Заахвочваючы прэміяй Лілію Сячко, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Ткачык пажадаў жанчыне далейшых поспехаў у працы.

Заахвочвальную прэмію ўручылі ў той дзень і аператару машыннага даення кароў з МТФ участка “Загайны” (размешчана ў вёсцы Першамайскае) Святлане Макавеевай, якая летась атрымала ад кожнай кароўкі сваёй групы па 4857 літраў сырадою (сярэднясутачныя надоі склалi 13,5 кілаграма). А таксама даярцы з МТФ № 1 участка “Чырвонаслабодскі” Тамары Ісаенi. Тамара Уладзіміраўна атрымала мінулагод ад кожнай замацаванай за ёй рагулі па 7022 кілаграмы малака. Жанчына не так даўно выйшла на заслужаны адпачынак, але працягвае працаваць на ферме. Дарэчы, абодва гэтыя аператары з’яўляюцца майстрамі, як кажуць, вышэйшай пробы: ім прысвоены першы кваліфікацыйны клас.

Варта адзначыць, што і зараз жывёлаводы сельгасфіліяла ААТ “Салігорскі райаграсервіс” нарошчваюць аб’ёмы вытворчасці малака. Так, у студзені сярэднясутачныя надоі ад тутэйшых рагуль дасягнулі 14,6 кілаграма малака – на тры кілаграмы больш, чым у адпаведны перыяд 2016-га. Што ж, не зніжайце планку!


 

Старшыня райвыканкама прафсаюза работнiкаў АПК Мікалай Ткачык заахвочвае аператара машыннага даення кароў Лілію Сячко 

 

 

Калегі на працы Ліліі Сячко 

 

 

 

Святлана Макавеева

 

 

 

Тамара Ісаеня 

 

 

Старшыня прафкома сяльгасфіліяла ААТ "Салігорскі райаграсервіс" Галіна Канчак, старшыня райвыканкама прафсаюза работнiкаў АПК Мікалай Ткачык і даярка Тамара Ісаеня 

 

 

Фота аўтара.

Оставить комментарий

Image CAPTCHA