24.11.2017 Пятница 03:13
Предложите новость или расскажите по телефону:

8 (0174)

22-15-93

Унікальны музей “Птушкі Беларусі і прамысловая птушкагадоўля”

16.08.2017 | 16:06 |
36

- Музей, размешчаны ў нашай навучальнай установе, - расказвае дырэктар Краснадворскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Аляксандр Шаўчук, - створаны дзякуючы дырэктару адкрытага акцыянернага таварыства “Салігорская птушкафабрыка” Барысу Зінчуку. Гэта тое, што вырвалася з душы Барыса Іванавіча, працяг яго неўтаймаванай любві да абранай работы, надзвычай патрыятычных адносінаў да свайго роднага   прадпрыемства.


Так, вось ужо восем гадоў тут існуе музей “Птушкі Беларусі і прамысловая птушкагадоўля”. Музей, варта адзначыць, абсталяваны надзвычай прафесійна. Ён складаецца з двух пакояў, агульная плошча якіх 179,9 квадратных метра. Тут сабрана 123 экспанаты асноўнага фонду і 75 – дадатковага. Што гэта за экспанаты? Чучалы птушак (наўрад ці дзе больш  у рэспубліцы ёсць багацейшая калекцыя!), фотаздымкі розных пярнатых, дакументы.


 

 

 

 

 

А зараз крыху рэкламы. Калі вы хочаце давецца пра крылатых прадстаўнікоў беларускай фаўны, калі вы хочаце пабачыць, як яны выглядаюць, - вам, канешне ж, трэба наведацца сюды. Тут вам раскажуць і пакажуць і начных ды дзённых пярнатых драпежнікаў, вадаплаваючых птушак, вялікае мноства крылатых насельнікаў нашых лясоў ды палёў. Ёсць такія рэдкія экспанаты, якія і ў жывой прыродзе сустракаюцца гады ў рады.

 

 

 

 

Гэта ў першай зале. У другой прадстаўлена прамысловая птушкагадоўля. Фрагменты спецыяльнага абсталявання, розныя кросы курэй (самага экзатычнага выгляду), цацарак, фазанаў, перапёлак. Тут дэманструецца прадукцыя ААТ “Салігорская птушкафабрыка”, асобныя стэнды расказваюць пра гісторыю прадпрыемства. Усё разам проста захапляе, заварожвае, выклікае непадробную цікаўнасць.

 

 

- Летась наш музей атрымаў афіцыйную рэгістрацыю, - працягвае Аляксандр Давідавіч. – Кіруе ж ім наш малады спецыяліст – выкладчык біялогіі і геаграфіі Вольга Мінько. Чалавек вельмі апантаны, сапраўдны энтузіяст. Мы, каб папоўніць крыніцу ведаў ды вопыту, пасылалі Вольгу Міхайлаўну на розныя курсы па музейнай справе. Такім чынам як бы падштурхоўваем, каб у дзяўчыны прачнуўся інтарэс не толькі да складання экскурсаў ды падрыхтоўкі экскурсаводаў з дзетак, а і да нейкай навуковай дзейнасці ў вобласці арніталогіі.

 

 

Што датычыцца экскурсаводаў, то ў іх ролі выступаюць дванаццаць вучняў Краснадворскага ВПК з розных класаў.

 

 

-Асноўная мэта музея, канешне ж, выхаваўчая, - тлумачыць дырэктар. – Прывіць дзецям любоў да прыроды, да братоў нашых меншых. Другая – пазнавальная. Інфармацыі пра пярнатых школьныя экскурсаводы даюць літаральна мора. А трэцяя… Не так даўно наш музей уключылі ў адзін з турыстычных маршрутаў па Салігоршчыне. А гэта справа платная: сёлета  мы на турыстах зарабілі першыя восемдзесят рублёў. Грошы пойдуць на паляпшэнне матэрыяльнай базы музея.

 

 

З іншых грошай не бяруць. А наведвальнікаў тут досыць. Калі ў мінулым годзе музей прыняў іх чатыры сотні, то за першую палову бягучага – ужо шэсць соцен. Аматары птушак не давалі спакою і летам: некалькі разоў прыязджалі дзеткі з Вялічкавічаў, Новага Палесся, Крывічоў. Ды і не толькі з нашага раёна, а і са Старадарожскага, Любанскага.

 

 

-Хачу падкрэсліць, што мы сумесна з Салігорскай птушкафабрыкай імкнемся пастаянна папаўняць экспазіцыю, - дадае Аляксандр Шаўчук. – Вось і сёлета намерваемся набыць 15-16 новых эспанатаў. Што датычыцца птушак Беларусі, то ім у адной зале ўжо цеснавата. Таму падумваем наконт пашырэння музея, абсталявання трэцяй залы.

 

 

 

 

 

 

 

Вельмі б хацелася, каб усе планы, звязаныя са школьным музеем, абавязкова спраўдзіліся, каб гэтая ўнікальная экспазіцыя набыла вядомасць далёка за межамі Салігоршчыны. А чаму б не?! Справа-та карысная!

 

Фота Сяргея Квіткевіча і Анастасіі Алешка.

 

 

Оставить комментарий

Image CAPTCHA