Сустрэча з мінулым. Новапалеская сярэдняя школа сустракала гасцей
Пашырэнне ведаў аб мінулым свайго краю, захаванне памяці аб гістарычнай спадчыне, развіццё пачуцця гонару за сваю малую Радзіму набывае асаблівую актуальнасць у сучасных умовах.
На базе ДУА «Новапалеская сярэдняя школа» адбылася змястоўная і карысная сустрэча экскурсаводаў гістарычна- краязнаўчага музея «Беларускае Палессе» (кіраўнік Далматовіч А.І.) ДУА «Вялічкавіцкая сярэдняя школа» з членамі аб’яднання «Вандроўнік».
Ад экскурсаводаў з Вялічкавіч мы пачулі цікавы аповед пра жыццё нашых продкаў, дзе дзеці разгадвалі загадкі пра прадметы хатняга ўжытку, якія яны прывезлі з сабою ў чамадане: маслабойка, дзяжа, сіта, вілы, прас, качалкі, гліняны посуд і іншыя.
Уважліва слухалі нашыя вучні і праявілі актыўнасць ў майстар-класе прасавання бялізны.
Завяршыўся занятак інтэрактыўнай гульнёй «Забытыя рэчы нашых продкаў».
У сваю чаргу нашыя вучні правялі для гасцей экскурсію ў музей «Беларуская хата», лектарская група засяродзіла ўвагу на карнай аперацыі «Хорнунг», на падзеях страшнай трагедыі 1943 года, якая адбылася ў в.Капацэвічы і Капацэвічскай МТС, зрабілі агляд мастацкай літаратуры пра Вялікую Айчынную вайну.
Час прайшоў непрыкметна, усе атрымалі асалоду і задавальненне ад сустрэчы, якая спрыяла пашырэнню кругагляду навучэнцаў, пазнавальнай актыўнасці.
Гэта сустрэча міжволі перамясціла нас у мінулае, дапамагла зразумець, што гісторыя жыве,захоўваецца ў народнай памяці.
Педагог дадатковай адукацыі ДУА «Новапалеская сярэдняя школа Салігорскага раёна» С.В. Радзько