Названая дата выпускнога балю-2019
Выпускны баль-2019 для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі пройдзе ў Салігорску ў суботу, 8 чэрвеня. Пра гэта «Шахцёру» паведамілі ва ўпраўленні адукацыі, спорту і турызму Салігорскага райвыканкама.
Урачыстасць на цэнтральнай плошчы горада прызначана на 19.00. Пасля выпускнікі, педагогі і бацькі адправяцца ў свае ўстановы адукацыі, дзе свята працягнецца.
Яшчэ адна кранальная падзея: «Апошні званок» — празвініць для рабят 30 траўня. Пасля гэтага яны будуць здаваць выпускныя экзамены, якія пройдуць 1, 3 і 5 чэрвеня.
Выпускнікі 9 класаў будуць здаваць тры абавязковыя пісьмовыя іспыты па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Руская мова» і «Матэматыка». Даты правядзення — 4, 6, 8 чэрвеня адпаведна.
Пісьмовыя іспыты па завяршэнні навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі пройдуць у перыяд з 1 па 8 чэрвеня 2019 года.