Салігарчанка Ірына Макейчык стала ўладальніцай залатога медаля на этапе Кубка свету па спартыўных танцах на інвалідных калясках «Параданс спорт»
Салігарчанка Ірына Макейчык стала ўладальніцай залатога медаля на этапе Кубка свету па спартыўных танцах на інвалідных калясках «Параданс спорт». Міжнародныя спаборніцтвы праходзілі ў Галандыі, прынялі ўдзел спартсмены з 21 краіны, у тым ліку і зборная Беларусі. Ірына і партнёр па танцах Яўген Ярмошка заваявалі золата ў еўрапейскай праграме класа 1. Спартсменаў павіншаваў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Нідэрланды Мікалай Барысевіч.
Ірына Макейчык займаецца спартыўнымі танцамі з 2011 года. За гэты час дамаглася уражлівых вынікаў. Яна неаднаразовы чэмпіён Рэспублікі Беларусь, заваявала бронзу на Кубку свету ў 2015 годзе, стала срэбным прызёрам чэмпіянату Еўропы 2016 года і чэмпіёнам свету ў 2017 годзе, заваявала золата на адкрытым чэмпіянаце Германіі ў 2017.
Ірына Макейчык выказвае вялікую падзяку Генеральнаму дырэктару ААТ «Беларуськалій» Івану Галаватаму за спонсарскую дапамогу. Гэта другія спаборніцтвы, на якіх спартсменцы фінансавую падтрымку аказвае горадаўтваральнае прадпрыемства.
Спартсменка адказала на некалькі пытанняў нашага выдання. Ірына трэніруецца ў Калодзішчах пад Мінскам у спецыялізаваным цэнтры, дзе ёсць зала з прафесійным паркетам. Там можна жыць і трэніравацца. Па словах Ірыны, у Салігорску ёсць пляцоўкі для падрыхтоўкі, але ўзнікае шмат арганізацыйных пытанняў: неабходна прывезці адмысловы вазок для танцаў, знайсці месца для пражывання партнёра па танцах і т. д.
«Колькі займае падрыхтоўка-складанае пытанне, — тлумачыць спецыфіку трэніровак Ірына, — няма нейкага нарматыву. Калі напрацавана пэўная база, усё становіцца прасцей. Ідзе адпрацоўка асобных элементаў, новых звязкаў і т .д. калі ёсць аснова, якую можна мадыфікаваць, то гэта прасцей. Часам для новай праграмы трэба больш часу. Гэта залежыць ад шматлікіх фактараў: наяўнасці вольнага часу, складанасці праграмы, ўзроўню нашай падрыхтоўкі на дадзены момант, патрабаванняў турніру і т. д. калі трэнеры бачаць, што трэба над чымсьці старанна папрацаваць, адпаведна, часу патрабуецца больш. Мне складана адказваць на гэтае пытанне. Напрыклад, калі падымаеш штангу і павінен узяць вагу ў 100 кг, ты працуеш, каб выціснуць гэтую вагу. Тут усё выразна і зразумела. А ў танцах складана вызначыць дакладныя параметры».
— Хто распрацоўвае для вас праграму?
— У нас ёсць трэнеры, але многім займаецца сам партнёр. Праца з прафесійнымі трэнерамі, харэографамі неабходная ў пачатку, але калі ўжо ёсць праграма і вы дадаеце нейкія фішкі, пастаянны кантроль не патрабуецца. Паказваецца прафесіяналам толькі гатовая праграма, каб паказаць на памылкі.
— Ці ёсць пэўныя патрабаванні да танцавальнай праграмы?
— Кожны танец-гэта пэўны набор рухаў. На турнірах ёсць свае правілы і патрабаванні. Ты павінен выканаць, як на любых спаборніцтвах, пэўныя фігуры, трапіць у такт музыцы і выглядаць адпаведна. Ты павінен правільна падаць сябе публіцы. Для гледача можа быць не зусім зразумела, але суддзі бачаць нават тое, як ты робіш крок.
Чарговыя спаборніцтвы чакаюць Ірыну Макейчык і Яўгена Ярмошку ўжо восенню. Спартсмены адправяцца заваёўваць Кубак кантынентаў у Санкт-Пецярбургу. Пажадаем поспехаў зорнай пары танцораў.