
Беларуская мова: 17 слоў, якіх няма ў рускай
17 верасня адзначаецца Дзень народнага адзінства. Адзінымі беларусаў робяць самыя звычайныя рэчы: сям’я, калектыў, мір, дабрабыт. Немалаважную ролю ў гэтым іграюць нацыянальныя святы, традыцыі, стравы, ну і, безумоўна, мова.
Беларуская мова адна з самых мілагучных і пявучых. А ці ведаеце вы, што ў беларускай мове ёсць словы, якія не маюць адпаведнікаў у рускай? Каб іх перакласці, трэба сфармуляваць тлумачэнне некалькімі словамі. Існуюць нават слоўнікі безэквівалентнай лексікі.
Мы вырашылі назваць вам 17 такіх слоў (лічба выбрана невыпадкова, яна прымеркавана да даты свята). Упэўнены, вам будзе цікава. А калі захочацца даведацца яшчэ больш слоў такога кшталту, можна звярнуцца да слоўніка.
Багоўка – божья коровка. Багоўка у тваёй далоні, як кропля цёплая крыві.

Брукаванка – вымощенная камнем дорога. Па шашы, высыпанай пяском, колы пакаціліся лягчей, чым было на брукаванцы. Рыбак.
Буслянка – гнездо аиста. Таполі аднолькавыя, але на адной з іх — буслянка, а на другой — вароняе гняздо. Кулакоўскі.
Верашчака – жидкое мучное блюдо. Як верашчака ў дно спадала, то маці есці пакідала ды йшла ў камору па другое, яшчэ больш смачнае, ядкое. Колас.
Вырай – тёплые страны, куда летят зимовать перелётные птицы. Калі з выраю птушка вяртаецца ў свой небасхіл — у яе ўжо не два, а мільёны крыл. Сіпакоў.
Гіз – возбуждённое состояние домашних животных, вызванное укусами слепней. Хто не імчаўся, як вол у часе гізу, задраўшы хвост, на спатканне ўсякім прыгодам-нягодам. Колас.
Гладыш – глиняный кувшин без ручки. Я малака гладыш са смакам выпіў і сеў на прызбе пад старою ліпай… Панчанка.
Дзічка – плод дикого дерева (яблони, груши и т.д.). — Вось занясіце ў хату, няхай адыдуць, — сказаў дзядзька і высыпаў дзічкі ў прыпол Косціку. С.Александровіч.
Дранік – оладья или блин из тертого картофеля. Трапіш да кабеціны рахманай — паспытаеш, друг мой дарагі, дранікі са свежаю смятанай, бабку, клёцкі, нават пірагі. Панчанка.
Зацішак – укромное место. Хацелася недзе ўцячы, схавацца, каб перажыць ліхалецце дзе-небудзь у зацішку, а пасля вярнуцца, калі стане спакойна на зямлі. Дамашэвіч.
Знічка – падающая звезда. Жыццё як знічка праляцела, а я такі, як быў спярша… Грахоўскі.

Кнігарня – книжный магазин. Пакуль Грынька на вуліцы пад дрэвам іграў на скрыпачцы, Захарка заскочыў у кнігарню і вярнуўся з кніжачкай пад кашулькаю. Карамазаў.

Копанка – небольшой искусственный водоем. На палянцы каля невялікай копанкі з застойнаю зялёнаю вадою гулялі ў ножыкі хлопчыкі, недалёка ад іх, дзе пачынаўся рэдкі бярозавы гай, хадзіў статак. Казько.
Насоўка – носовой платок. …Доктар Фаўст выцер сваю лысіну белакрухмальнай насоўкай. Лойка.
Неруш – что-либо нетронутое, первозданное. Гэта той самы бярэзнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбах, напаў на неруш і набраў цэлую сявеньку слаўных баравікоў-бярозавікаў. Колас.
Нішчымніца – постная еда. Пачалі заводзіцца ў хаце грошы, дык пачала пакрысе выводзіцца і нішчымніца. Чорны.
Хрушч – майский жук. У светлым, сіняватым небе кружылі ластаўкі, зычна гулі на маладой бярозцы хрушчы, ля моста яшчэ раз-пораз закідвалі вуды заядлыя рыбакі. Левановіч.

Ну што, зачыталіся? Упэўнены, што так. Нашыя самабытныя словы – гэта сапраўдны скарб беларусаў. Трэба гэта памятаць, ведаць і ганарыцца.

