
Хрысціянская Пасха — гэта не аднадзённае святкаванне
Хрысціянская Пасха — гэта не аднадзённае святкаванне. У Вялікі чацвер заканчваецца літургічны перыяд Вялікага посту і Касцёл уваходзіць у перажыванне Пасхальнай таямніцы Хрыста.
У гэты дзень вернікі ўзгадваюць устанаўленне сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства, якое Хрыстус здзейсніў падчас Апошняй, або Тайнай, Вячэры перад сваёй мукай і смерцю.
Вялікая Субота — гэта дзень, калі ўвесь Хрыстовы Касцёл прабывае ў жалобе і святым маўчанні перад грабніцай свайго Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. На працягу ўсяго гэтага дня вернікі прыходзяць у касцёл, каб у малітоўнай цішыні пабыць сам-насам з Езусам у грабніцы.
У гэты дзень вернікі таксама традыцыйна захоўваюць пост, як і ў Вялікую пятніцу.
Пасхальная Вігілія
У ноч з суботы на нядзелю паводле найстаражытнейшай традыцыі адбываецца чуванне (лац. вігілія) на ўшанаванне Пана. Вігілія гэтай ночы, якая з’яўляецца найважнейшай і найбольш значнай з усіх урачыстасцяў, уключае шмат прыгожых старадаўніх абрадаў. Пачынаецца яна з Літургіі святла, падчас якой адбываецца благаслаўленне агню і пасхала — вялікай свечкі, што з’яўляецца сімвалам Хрыста і важным элементам літургіі. Затым спяваецца старадаўні грыгарыянскі спеў Exsultet, у якім абвяшчаецца радасная вестка пра ўваскрасенне Пана, пасля чаго ў Літургіі Слова, значна больш працяглай, чым звычайна, Касцёл разважае пра цуды, ад стварэння свету ўчыненыя Богам дзеля збаўлення чалавецтва. Трэцяя частка Вігіліі — гэта Літургія Хросту, падчас якой асвячаецца вада і адбываецца хрост тых, хто рыхтаваўся прыняць гэты сакрамант, а ўсе астатнія вернікі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі, аднаўляюць свае хросныя абяцанні. Нарэшце, адбываецца Эўхарыстычная Літургія, у якой успамінаем смерць і ўваскрасенне Пана праз складанне ў постацях хлеба і віна ахвяры Яго Цела і Крыві. Пасля святой Імшы на досвітку адбываецца рэзурэкцыйная працэсія.
Паводле каталіцкіх сайтаў аve-maria.by, catholic.by