Пачынайце з сябе. Пагаворым пра тое, як не трэба губляць чалавека ў сабе

Пачынайце з сябе. Пагаворым пра тое, як не трэба губляць чалавека ў сабе

У редакцыю прыходзіць ужо не першы зварот ад гараджан са скаргамі на сферу абслугоўвання. Усе пагадзяцца з тым, што працаваць з людзьмі цяжка. Бо ўсе людзі розныя: характар, выхаванне, адукацыя… Усё гэта мае значэнне. Але ж усе мы людзі. І яшчэ не было такога, каб скардзіліся на тое, што ім усміхнуліся, дапамаглі вырашыць тое ці іншае пытанне, пажадалі добрага дня ці поспехаў. Праўда ж? Задайце сабе рытарычнае пытанне: вам будзе прыемна пачуць добрае слова ў свой адрас ці атрымаць дапамогу?


Тады чаму вакол столькі злосці і нянавісці? Няўжо ёсць людзі, якія атрымліваюць асалоду ад зробленай шкоды?!

Ведаеце, я часта ўспамінаю, як выкладчыкі (а я вучылася ў педуніверсітэце) амаль рэфрэнам паўтаралі нам: «Вы павінны заўсёды заходзіць у клас у добрым настроі. Усе вашыя праблемы павінны заставацца за дзвярыма». Так, з гэтым нельга не пагадзіцца.

Аднак чаму толькі настаўнікаў гэта датычыцца?! Калі задумацца, то гэтае правіла можна прымяняць кожнаму, чыя работа так ці інакш звязана з людзьмі. Не павінен пакупнік цярпець хамства прадаўца толькі таму, што ў апошняга дрэнны настрой. Не павінен пацыент даваць паблажку ўрачу з-за таго, што ён завяршае яго змену, і доктар стаміўся. Нельга дапускаць, каб супрацоўнік разліковага цэнтра/банка/пошты і г.д. абыякава выконваў свае абавязкі, бо ў гэтую хвіліну ён не палічыў неабходным патлумачыць усе нюансы, проста не захацеў. І такія прыклады можна прыводзіць бясконца. А вы паспрабуйце паставіць на месца таго, каму вы толькі што нагрубілі (са злосцю адказалі/адмовілі ў дапамозе), сябе альбо свайго блізкага. Прыемна? Наўрад ці!

Тады навошта так рабіць? Не сакрэт, што стрымліваць эмоцыі нялёгка. І гэта работа, штодзённая работа з самім сабой. Таму хочацца сказаць: пачынайце заўсёды з сябе, а наваколле падцягнецца. Паспрабуйце ўсміхнуцца або пажадаць добрага дня ў адказ на хамства, не дапускайце халатнасці ў выконванні сваіх абавязкаў на рабочым месцы, і вы заўважыце, як мяняецца настрой у людзей вакол вас, згладжваецца канфліктная сітуацыя. Рабіць дабро — лёгка, а атрымліваць асалоду ад таго, што дапамог, прынёс карысць, куды прыемней, чым потым дагаворвацца са сваім сумленнем.

Як пісаў Пімен Панчанка: «Лeчыццa тpaвa aд cпёкi лiўнeм, людзi лacкaй лeчaццa людcкoй». Не губляйце чалавечага ў сабе!

КАТЕГОРИИ
Поделиться