Хорастаўшчына – маляўнічы куток беларускага Палесся на самым поўдні Салігорскага раёна. Гэтая зямля з’яўляецца мяжой не толькі паміж раёнамі, але і паміж рэгіёнамі.
Гісторыя
Першыя згадкі пра Хорастава адносяцца да сярэдзіны 16 стагоддзя – тады на французскіх і англійскіх картах яно абазначалася як Хворастава. Менавіта ў гэты перыяд заснаваны вёскі на тэрыторыі сучаснага Хорастаўскага сельсавета. Адной з першых з’явілася вёска Гарадзішча, якая і стала прарадзімай астатніх навакольных паселішчаў. Гарадзішча знаходзілася ў трох кіламетрах ад вёскі Хорастава, каля сутокі ракі Лань. Раней яна займала і так невялічкую тэрыторыю (прыкладна 150 на 75 метраў), а з цягам часу і ўвогуле паменшылася амаль у два разы.
Насельніцтва гэтага краю ва ўсе часы з вялікай паваг ставілася да рэлігіі. У 1780 годзе тут была пабудавана драўляная ўніяцкая царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы, якая пасля расійскай акупацыі была ператворана ў праваслаўную Маскоўскага патрыярхату, а падчас вайны знішчана і адноўлена ўжо ў мірны час. Гэтая пабудова з’яўляецца адным з галоўных сімвалаў населенага пункту.
Фота - з сайта Слуцкай епархіі
Хорастаўская зямля на працягу доўгага часу знаходзілася пад уладай Польшчы. Старажылы і цяпер памятаюць, калі тут жылі паны Заманскія: браты Анток, Казімір, Аляксандр і Уладзімір. У той час дзеці вучыліся ў школе да 14 гадоў, а дарослыя працавалі ў паноў і атрымлівалі за гэта нядрэнныя грошы. Канечне, гэты перыяд не мог не адбіцца на далейшым жыцці Хорастаўшчыны і на мове мясцовых жыхароў. Тут і цяпер разумеюць і ўжываюць словы на польскі манер: сведр – кофта, карэц – кружка, мудло – мыла, ровар – веласіпед.
Вялікая Айчынная вайна Хорастава не пашкадавала – населены пункт быў поўнасцю знішчаны. Захавалася толькі частка прыгожай алеі са старымі вязамі, якая была высаджана яшчэ бацькамі паноў Заманскіх. Частка яе пазней была знішчана ў час будаўніцтва СДК. Але разам з тым сапраўды гэты перыяд праславіў хорастаўскую зямлю. Васіль Корж, Герой Савецкага Саюза – самы знакаміты ўраджэнец Хорастава. Менавіта пад яго кіраўніцтвам у 1941 годзе быў арганізаваны першы на тэрыторыі Беларусі партызанскі атрад у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Праз шэсць дзён ён прайшоў першы партызанскі бой. Разам з гэтым Васіль Захаравіч узяў псеўданім Камароў. Нямала воінскіх подзвігаў на ліку “камароўцаў”, а пасля вайны Васіль Захаравіч узначаліў адсталы калхоз, які вывеў у лідэры і зрабіў знакамітым на ўсю БССР. Хоць першы атрад Каржа і быў заснаваны ў Пінску, але з тых часоў Хорастаўшчына нязменна лічыцца партызанскім краем, дзе беражліва захоўваюць памяць пра земляка-героя і даглядаюць яго помнік, дзе ў яго гонар даюць назвы і праводзяць тэматычныя мерапрыемствы.
Сучаснасць
Сучасная гісторыя гэтага краю пачынае адлік з утварэння Хорастаўскага сельсавета – адбылося гэта ў 1939 годзе. Зараз агульная тэрыторыя Хорастаўскага сельсавета складае 187 кіламетраў. Яго суседзямі з’яўляюцца Гоцкі і Доўгаўскі сельскія Саветы. На хорастаўскай зямлі размешчаны сем населеных пунктаў: вескі Чаланец, Рахавічы, Пузічы, Барань Гара, Груздава, Навіна і аграгарадок Хорастава – адміністрацыйны цэнтр сельскага Савета, які атрымаў свой статус у 2011 годзе.
Каб наладзіць камфортны лад жыцця для насельніцтва, тут існуюць сучасныя прадпрыемствы, сацыяльныя і культурныя аб’екты. Так, працуюць ААТ імя В.З. Каржа (спецыялізуецца на вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі), Хорастаўскае лясніцтва Старобінскага лясгаса, камбінат бытавога абслугоўвання Салігорскага РКБА, урачэбная амбулаторыя і аптэка ў Хорастава, а таксама фельчарска-акушэрскі пункт у Пузічах, аддзяленне пошты, філіял банка, магазіны. Таксама ў аграгарадку ёсць сярэдняя школа і яслі-сад “Крынічка”, Дом культуры і вольнага часу, бібліятэка, музей “Партызанскага краю імя В.З. Каржа”. Арамя гэтага, для веруючага насельніцтва тут есць Свята-Пакроўская царква і царква хрысціян веры евангельскай.
Партызанскае мінулае наклала адбітак і на хорастаўскія тапонімы. Так, цэнтральная вуліца аграгарадка так і называецца – Партызанская. Другая па велічыні вуліца носіць імя Каржа (менавіта на ёй і жыў Васіль Захаравіч). Затым па чарзе ўзніклі: вуліцы Сонечная, Новая, перавулкі Калгасны, Партызанскі, вуліцы Маладзёжная, Садовая, завулкі Юбілейны і Садовы.
Фота Іны Хаценка
Популярные новости


