Адна з найважнейшых характарыстык беларускага касцюма - незвычайная ўстойлівасць традыцыі. Убіраючы ў сябе шматстайныя павевы на працягу стагоддзяў, беларускі касцюм доўгі час захоўваў нязменным крой некаторых прадметаў адзення, яе форму, у асобных атрыбутах касцюма захаваліся архаічныя рысы, напрыклад, старадаўні арнамент і паласаты дэкор. Тэхналогіі вырабу тканін таксама захаваліся з самых старажытных часоў. Спынімся падрабязней на жаночым касцюме.
Намітка – даўні галаўны ўбор замужніх жанчын на Беларусі. Лакальныя назвы павойнік, сярпанка, плат, завівала. Складаўся з уласна тонкага белага кужэльнага палатна (ручніка) шырынёй 30-60 см, даўжынёй ад 2,3-2,6 да 5 м, абматанага паверх чапца, абшыты палатном, на які абкручвалі валасы.
Вядома каля 30 спосабаў абмотвання. Часам абодва канцы завязваліся ззаду (магілёўскі строй), над ілбом ці па баках (капыльска-клецкі строй); найчасцей адзін канец праходзіў пад барадой і драпіраваўся над плячом, а другі спадаў на спіну. Часам намітка замацоўвалася доўгімі шпількамі, тады яе можна было здымаць, як шапку. Канцы наміткі іншы раз і край над ілбом аздаблялі арнаментам (вышыўка ці натыканне), карункамі, мохрыкамі. Святочную намітку аздаблялі зелянінай, букетамі штучных ці жывых кветак, папяровым веерам (ляхавіцкі строй), пер’ем (кобрынскі строй). Першы раз намітку ўбіралі на вяселлі (абрад завівання), пасля чаго жанчына не выходзіла ў людзі без яе.
На Палессі бытавала да 1930-х гадоў.
Кашуля, сарочка – асноўная частка мужчынскага і жаночага беларускага народнага адзення. Яе насілі ў любым узросце, у будні і святы, пры любым сямейным і сацыяльным становішчы. Кашуля – важны паказчык этнічнай спецыфікі матэрыяльнай культуры беларусаў. Шылі з ільнянога даматканага палатна. Мужчыны насілі кашулю паверх нагавіц і падвязвалі поясам, жанчыны запраўлялі ў андарак (ці панёву), запіналі фартухом. Паводле крою вылучаюць 3 тыпы кашуль: тунікападобныя (найбольш старажытныя); з прамымі плечавымі ўстаўкамі (самы пашыраны); з гесткай (з'явіліся ў канцы XIX ст. пад уплывам гарадского касцюма).
Традыцыйная кашуля мела прамы рукаў з манжэтай, адкладны каўнер, прамы разрэз на грудзях, пад пахамі ўстаўныя цвіклі. Бытавалі і кашулі з невысокім стаячым каўняром або без яго. Жаночыя кашулі аздаблялі (рукавы, каўнер, манішка) натыканнем, вышыўкай, часцей чырвонага і чорнага колеру. Арнамент быў пераважна геаметрычны.
Рэгіянальныя асаблівасці кашулі выяўляліся ў арнаменwt, тэхналогіі апрацоўкі і кроі паасобных дэталей. Строям Цэнтральнай Беларусі характэрна размяшчэнне арнаменту папярочнымі палосамі рознай шырыні на паліках, уверсе і нізе рукавоў з акцэнтам на прыплечавой частцы, на каўняры, уздоўж манішкі.
Кашуля – найстаражытнейшы від адзення на Беларусі, які захаваўся да нашых дзён. Традыцыйныя кашулі зберагліся ў жаночым гарнітуры некаторых мясцін Палесся.
Гарсэт, кабат – састаўная частка народнага касцюма беларускіх жанчын – адзежына ў выглядзе безрукаўкі. Лакальныя назвы: шнуроўка, станік, кітлік. Апраналі паверх кашулі да святочнага ўбору. Шылі гарсэт на падшэўцы (у XIX – пачатку XX ст. спецыяльныя краўцы) з даматканых і фабрычных (сацін, тонкае сукно, шарсцянка, танныя гатункі парчы, аксаміт, шоўк) тканін чорнага, фіялетавага, сіняга, блакітнага, чырвонага і малінавага колераў. Спераду зашпільвалі на гузікі ці гаплікі або зашнуроўвалі тасёмкай, стужкай, шнуром.
Яркім мастацкім афармленнем вызначаліся гарсэты Цэнтральная Беларусі, Усходняга і Заходняга Палесся. Упрыгожвалі іх стракатымі пампонамі і мохрыкамі, касцянымі, драўлянымі, металічнымі, плеценымі са шнура гузікамі, нашыўкамі з каляровай тасьмы, тканін, скуры, галуна, паскамі карункаў, а таксама вышыўкай, узорыстым натыканнем. Асноўны дэкор канцэнтраваўся на грудзях, праходзіў па краях проймы, гарлавіны, крысся, нізу баскі, уздоўж канструкцыйных ліній. У арнаменце вышывак (ланцужком, гладдзю) пераважалі раслінныя ўзоры – кветкі, валошкі, сцяблінкі бярозы, лісце.
Пояс, пас – скураная або плеценая, тканая, вітая з нітак доўгая вузкая стужка для падпяразвання. Вядомы з сярэдзіны I тысячагоддзя. На Беларусі бытавалі пераважна паясы тканыя, плеценыя і вітыя, а таксама вязаныя пруткамі і кручком (даўжынёй 150-300 см, шырынёй 1,5-30 см). Арнамент народных паясоў вызначаецца разнастайнасцю геаметрычных узораў: падоўжныя, папярочныя і касыя палоскі, крыжыкі, грабеньчыкі, ромбы. Паясы аздаблялі кутасамі, махрамі, бісерам, уплеценым паміж тканымі палоскамі, саламянымі ўстаўкамі, нашытымі кавалачкамі тканіны. Пераважала спалучэнне колераў чырвонага з белым фонам (у невялікай колькасці ўводзіўся жоўты, сіні, зялёны, чорны). Шматколерныя ўзоры характэрны для паясоў Заходняга Палесся.
Пояс – неад’емная частка нацыянальнага аддзення беларусаў. Ім падпяразвалі кашулі і верхняе аддзенне (мужчынскія паясы былі звычайна шырэйшымі за жаночыя і дзіцячыя). Завязвалі іх вузлом спераду або збоку, абкручваючы вакол стану ў залежнасці ад памераў 1-3 разы, падтыкалі па баках так, каб канцы звісалі на 20-40 см. На поясе ці за поясам насілі сякеру, нож, шабету, капшук, грабеньчык, ключы. Ідучы ў поле або ў лес, на паясы прымацоўвалі збан з вадой, каробку, палатняную торбу, спарыш з абедам.
Спецыяльным поясам – спавівачом – спавівалі немаўлят, вузкія ўзорыстая паясы-падвязкі служылі і аборамі.
Паясы-крайкі прышывалі да спадніц і фартухоў, а вузкімі плеценымі або вітымі паясамі абшывалі каўняры, барты і рукавы світ, падолы спадніц.
Важнае месца адводзілася паясам у розных абрадах. Асабліва вясельным. Дзяўчына дарыла пояс жаніху разам з кашуляй і нагавіцамі напярэдадні вяселля, бацьку і маці жаніха, музыкам і іншым удзельнікам вяселля. У час вянчання пад ногі маладым клалі пояс і ручнік. На другі дзень пасля вяселля, падмятаючы ў хаце, маладая завязвала пояс на венік, а ідучы па ваду, клала пояс разам з кавалкам каравая на студню. На розных этапах вяселля маладой даводзілася дарыць да сотні паясоў (таму дзяўчына пачынала рабіць паясы задоўга да вяселля).
Поясам абвязвалі першы сноп ураджаю, які ставілі ў хаце на покуці. У час пахавання на паясы вялі каня, які вёз на могілкі нябожчыка.
Паясам прыпісваліся розныя магічныя функцыі: лічылі, што пояс надае чалавеку сілу, аберагае ад хвароб і няшчасных выпадкаў.
Каб у будучым сямейным жыцці быў дастатак, дзяўчына перад шлюбам развешвала паясы ў хляве, свірне, над скрыняй. Перад Новым годам гаспадыня звязвала поясам розныя прадметы, каб жывёла ў гаспадарцы “паравалася”.
На Беларусі паясы паўсюдна выраблялі да 1930-х гадоў.
Андарак – паясное адзенне беларускіх жанчын – спадніца з шарсцяной ці паўшарсцяной саматканкі ў клетку або ў падоўжныя ці папярочныя палосы. Лакальная назва даматкан, сукня. Шылі з 3-5 полак, вытканых у 2-3 ніткі. Малюнак утвараўся на вохрыста-ружовым, вішнёвым, сінім, зялёным, серабрыста-белым, чорным фоне тканіны. Часта дадатковымі элементамі дэкору служылі запрасаваныя складкі, вышыўка, нашыўкі карункавых тасёмак, стужак.
У канцы XIX – пач. XX стагоддзя найбольш распаўсюджанымі былі андаракі ў клетку. Паступова да чорнага і чырвонага колераў пачалі дабаўляць зялёны, ружовы, жоўты і іншыя. У паўднёва-заходнім і цэнтральных раёнах Беларусі пераважалі андаракі ў папярочныя палосы, ва ўсходняй – у падоўжныя.
З пачатку XX стагоддзя былі пашыраны аднатонныя чырвоныя, сінія і інш. Святочныя андаракі абавязкова гафрыравалі (складзены ў складкі андарак клалі на ўслон, накрывалі чыстым ручніком і прыкладвалі гарачым хлебам).
Выйшаў з ужытку ў 1920-1930-х гг.
Фартух – паясная адзежына, якую надзявалі на спадніцу, адна з састаўных частак народнага касцюма беларускіх жанчын. Называлі таксама запаска, затулка. Шылі фартухі з 1-2 полак ільнянога палатна, мацавалі на таліі завязкамі ці матузком. Памеры розныя, пераважна 30-35 см шырынёй, 50-80 см даўжынёй і заўсёды на 10-15 см карацей за спадніцу.
Святочныя фартухі беларусак багата аздаблялі натыканнем, вышыўкай, карункамі, фальбонамі, часам запрасоўвалі ў складкі. Звычайна каларыстычная гама, стылістыка арнаменту адпавядалі характару аздаблення кашулі. Найбольш пашыраныя – гарызантальныя палосы чырвонага ці чырвона-чорнага геаметрычнага арнаменту, які групаваўся па нізу і паступова пераходзіў да гладкага поля верху.
Популярные новости


