Главная >> Новости Беларуси >> Бацькаўшчына >> Зажэвіцкі сельскі Савет: гісторыя ўзнікнення і час сённяшні

Зажэвіцкі сельскі Савет: гісторыя ўзнікнення і час сённяшні

$ |

На тэрыторыі Зажэвіцкага сельскага Савета, які займае плошчу больш, чым 22,64 тысяч га, знаходзіцца 15 населеных пунктаў: аграгарадкі Зажэвічы і Старыя Цярушкі, вёскі Бярозаўка, Загор`е, Камень, Карысць, Красны Бераг,  Крываль, Лясоўня, Новая Грамата, Новыя Цярушкі, Абідземля, Цясова, пасёлкі Заазёрны і Крываль. Нязменным кіраўніком сельскага Савета ўжо шмат гадоў з`яўляецца Надзея Шуневіч, якая карыстаецца вялікай павагай сярод жыхароў. У населеных пунктах сельсавета пражывае звыш 2 000 чалавек. Найбольшая колькасць з іх – у аграгарадку Зажэвічы.

 

Дакладных звестак пра ўзнікненне вёскі Зажэвічы не знойдзена. Але сведкі адзначаюць, што яе гісторыя пачынаецца яшчэ ў бронзавым веку.  Існуе таксама легенда пра ўзнікненне Зажэвіч, якая запісана ад старажылаў і захоўваецца ў мясцовым музеі. Краязнаўчы музей «Зажэвічы: мінулае і сучаснае» заснаваны на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Зажэвіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа».

 

 

Адкуль з`явіліся Зажэвічы

Згодна з легендай, на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца аграгарадок, было вялікае непраходнае балота. Ніводны звер, ніводны чалавек не мог прайсці яго. Вялікія тоўстыя дрэвы спляліся ўверсе сваімі вяршынямі. Не было чуваць звонкіх спеваў птушак.

Кожны чалавек, які спрабаваў прайсці гэтае балота, знікаў назаўсёды ў багне. І аб ім больш нічога не чулі, яго больш не бачылі.

Але ж адзін пасёлак усё ж такі тут узнік. Што гэта быў за пасёлак, ніхто зараз не ведае. І вось аднойчы яго жыхары вырашылі перамагчы непакорнае балота. Выбралі аднаго хлопца, самага смелага і спрытнага. І ён прайшоў балота. А калі хлопец вярнуўся, усе, хто яго сустракаў, крычалі: «Зажэва прайшоў, зажэва прайшоў!»

А хлопец пабудаваў тут хату, ажаніўся і стаў гаспадарыць. А праз нейкі час прыйшлі да яго людзі і пабудавалі яшчэ сядзібы. І назвалі сваё паселішча Зажэвічы.

 

 

Зажэвіцкі лён

Спакон вякоў жыхары Зажэвічаў вырошчвалі лён, ткалі з яго тканіну, каб пашыць сабе адзенне. Ткацтвам звычайна займаліся жанчыны. Але паводле ўспамінаў старажылаў, жыў у вёсцы Зажэвічы ў 1860-1926 гадах Ясь Ляўковіч, які ўдасканаліў ткацкі станок і ткаў палатно з пражы заказчыкаў. Гэты значыць, што льнаводства і ткацкая справа ў гэтай мясцовасці былі пастаўлены на прафесійную аснову. А яшчэ ў святы жыхары праводзілі абрады з выкарыстаннем лёну. Гэта сведчыць пра своеасаблівыя адносіны да гэтай расліны, пра заклапочанасць гаспадароў аб будучым ураджаі.

Трэба адзначыць, што лён у час вайны быў вялікай дапамогай сялянам. Старыя жыхары Зажэвічаў успамінаюць, што з яго рабілі адзенне, мешкавіну, вілі вяроўкі. У школьным музеі ёсць звесткі аб тым, што сяляне ў гэтыя гады рабілі з дуба прэс і ціснулі з льнянога семя алей.

 

 

Рэха вайны

На жаль, не абмінула Зажэвічы і фашысцкая навала. У гады Вялікай Айчыннай вайны 222 жыхары вёскі не вярнуліся дадому.

На тэррыторіі сельсавета ў гэты жудасны час было знішчана і не адноўлена дзве вёскі – Сухая Міля і Хадыка. Фашысты спалілі гэтыя населеныя пункты разам з мірнымі жыхарамі. Яшчэ адна вёска – Бярозаўка – была спалена і потым адноўлена.

Жыхары кожнага населенага пункта Зажэвіцкага сельсавета заўсёды з павагай успамінаюць аднавяскоўцаў, якія аддалі жыццё за свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы. З удзячнасцю адносяцца да тых, хто аднаўляў вёскі і сельскую гаспадарку пасля вайны.

 

 

На тэрыторыі Зажэвіцкага сельскага Савета размешчана 15 помнікаў і памятных знакаў:

 

  • Аграгарадок Зажэвічы

Помнік землякам у гонар 45-годдзя Вялікай Перамогі

 

  • Вёска Бярозаўка

Магіла партызана Ц.А. Дзялендзіка

Помнік землякам

Магіла маці-гераіні Саламеі Яфімчык

 

  • Былая вёска Сухая Міля

Брацкая магіла 22-х мірных жыхароў, спаленых фашыстамі

Помнік “Месца спаленай вёскі Сухая Міля" ў гонар 25-годдзя Вялікай Перамогі

 

  • Урочышча “Платонава"

Брацкая магіла 9-ці партызан

 

  • Вёска Абідземля

Брацкая магіла партызана І. К. Пратасені і двух невядомых партызан

Магіла партызана В. Статкевіча

Магіла партызана І. І. Жураўскага

Магіла партызана Паўла Готава

 

  • Былая вёска Хадыка

Помнік “Месца спаленай вёскі Хадыка"

 

  • Раён вёскі Загор'е

Магіла ахвярам фашызму

 

  • Аграгарадок Старыя Цярушкі

Помнік землякам

 

  • Вёска Цясова

Помнік землякам

Print Friendly, PDF & Email