Продолжаем публиковать работы победителей районного этапа республиканского конкурса работ творческой молодежи «Золотое Перо «Белой Руси-2022». Напомним, результаты конкурса были объявлены в мае. Всего жюри, в состав которого вошли и представители редакции газеты «Шахцёр», отобрало 12 работ. Знакомим вас с еще одним сочинением.
У летапіс роднага пасёлка
Ты прыгажэй кутка не знойдзеш
За берагі Случанскіх вод.
Старобін чацвёртае стагоддзе
Вядзе гісторыі свой ход.
І шчасце тут было, і гора,
Але ўжо боль ад ран заціх,
Хоць воды Случы не гавораць,
Я чую ў сэрцы голас іх.
Любы куточак Беларусі варты таго, каб пра яго ведалі ва ўсім свеце, бо кожная вёска, мястэчка ці горад — гэта малая краіна са сваёй гісторыяй, гэта цэлы свет са сваёй культурай, гаворкай, спадчынай. Мой родны пасёлак таксама варты ўвагі, бо Старобін мае багатую і цікавую гісторыю — яму ўжо 375 гадоў! Я вельмі люблю сваё роднае мястэчка, цікаўлюся яго гісторыяй, даследую яе. І маё першае даследаванне пачалося з разгадвання таямніц пра яго назву.
Пасля запісу фальклорнага матэрыялу ад старажылаў Старобіншчыны я звярнулася да навукова-папулярнай літаратуры, да матэрыялаў, змешчаных у рэгіянальным друку, да кнігі «Памяць», у школьны музей, да тапанімічнага слоўніка, энцыклапедычных даведнікаў, інтэрнэт-рэсурсаў.
Далучаючыся раз ад разу да разгадвання сівой легенды свайго краю, часта ўспамінаю словы-радкі паэткі-зямлячкі В. Аколавай: «Край Случанскі — праменьчык Радзімы, ты былінны, таемны і дзіўны». Сапраўды гэта так: пасля грунтоўнага даследавання матэрыялаў пра назву пасёлка вылучыла аж сем верагодных гістарычных версій і легенд пра паходжанне назвы Старобін! З вялікім задавальненнем хочацца падзяліцца гэтымі першымі прыступкамі даследавання.
Легенда першая — Стары Бін
На беразе ракі Случ даўным-даўно жыў стары яўрэй Бін. Валодаў карчмой і прасторнай утульнай хатай. Рака на той час была судаходнай, і гандляры спыняліся ў Біна на начлег. Па легендзе, Бін быў жыццярадасным і гасцінным чалавекам. Яго за гэта любілі як падарожныя, так і местачкоўцы. Таму і захавалі памяць пра гэтага цудоўнага чалавека ў назве мястэчка, дзе ён пражываў — Стары Бін, а потым і Старобін.
Легенда другая – Сто рабынь
Было гэта ў часы мангола-татарскага нашэсця. Вяртаючыся з Палесся, рабаўнікі захапілі ў палон сто рабынь — палескіх прыгажунь. Па адной з версій, дзяўчаты не захацелі пакідаць родную зямлю і ўтапіліся ў рацэ. Па другой версіі, за няскоранасць і годнасць палонніц мангола-татары замучылі іх і закапалі жывымі ў магілу. Па трэцяй версіі, у ворага проста не хапіла харчоў па дарозе, таму яны і пазбавіліся ад «лішніх» ртоў ля Кіеў-гасцінца. Месца захавання назвалі Сто рабынь, а пасля назва асімілявалася ў Старобін.
Легенда трэцяя – Сто рабін
Першая версія звязана з пасадкай на месцы пахавання палонніц рабін, другая звязана з быццам бы вялікай павагай і любоўю местачкоўцаў да рабіны. Яны верылі ў магічную сілу яе галінак і пладоў, таму і высадзілі па перыметры мястэчка (хаця слядоў гэтых дрэў нідзе не захавалася). Яшчэ адна версія, звязаная з рабінай: у далёкія часы быў неўраджайны год, у балоцістых мясцінах цяжка было выжыць. Таму, каб з'эканоміць на харчаванні, з ваколіцы сабралі дзяўчат з самых бедных сямей і ўтапілі ў рацэ. А на месцы трагедыі высадзілі рабіны — адсюль і назва Сто рабін, пазней — Старобін.

Легенда чацвёртая — Староба (доўгажыхар)
Староба абазначае доўгажыхар. Легенда сведчыць, быццам у гэтым мястэчку жыло вельмі многа доўгажыхароў, і ўсе яны валодалі цудоўным здароўем. Падарожныя так і гаварылі: паедзем ці пойдзем да старобаў. Вось і замацавалася – Староба, Старобін.
Легенда пятая — Староба (урочышча ля торфабрыкетнага завода — Старына, г.зн. Староба).
Гэтая версія лічыцца больш навуковай. Прыкладна ў 15 стагоддзі на гэтых землях размяшчаўся маёнтак Староба, які ў 18 стагоддзі стаў называцца Старына (пераклад са стараславянскай мовы на рускую мову таго часу). Да памесця Староба прылягалі землі. На іх і ўзнікла пазней паселішча. А на пытанне «Чыё?» адказвалі «Старобіно».
Легенда шостая — Сто равін (яўрэяў–духоўных настаўнікаў, кіраўнікоў яўрэйскай суполкі), Сторавін, Старобін.
З самага пачатку існавання пасёлак быў мястэчкам, дзе большасць яго жыхароў былі яўрэйскай нацыянальнасці. Таму гэтая версія паходжання назвы мае свае падставы на існаванне.
Легенда сёмая — Старая сям’я
Па адной з версій філолагаў айконім Старобін утвораны ад славянскага стар- і кабардзінскага бін (бын), што значыць «сям’я». Адсюль і вынікае — старая сям’я.
З усіх версій мне найбольш падабаецца версія пра сто рабін. Таму, калі праходзіў у раёне конкурс на лепшы лагатып пасёлка, я з задавальненнем у ім прыняла ўдзел. І, зразумела ж, у сваёй конкурснай рабоце не абышлася без рабінкі, спалучыўшы экалагічны і краязнаўчы накірунак. Вельмі ўзрадавалася, калі даведалася пра перамогу! А як прыемна мне было, калі мой лагатып быў абраны эмблемай «Алеі Адраджэння: Старобін скрозь стагоддзі», якую мы пасадзілі нядаўна на школьнай тэрыторыі. Гэта было сапраўднае свята, мерапрыемства асабліва знакавае і значымае ў Год гістарычнай памяці. Толькі ўявіце сабе: сто рабін распусціць сваё маладое лісце і заквітнее ў час выпускнога балю. Я – выпускніца і таксама пасадзіла сваё памятнае дрэўца гісторыі, якое будзе заўсёды вяртаць мяне на маю радзіму, да сваіх вытокаў, да сваёй гісторыі, такой незвычайнай і такой багатай!

Я адчуваю сябе шчаслівай, што жыву на гэтым жывапісным беразе Случы – у мястэчку Старобін, маю магчымасць займацца даследаваннем яго багатай і незвычайнай гісторыі.
Наш уклад у захаванне гістарычнай памяці — гэта і распрацоўка разам з настаўнікам краязнаўчай вечарыны «Зямля бацькоў — жыцця крыніца» (этнаграфічнай вандроўкі па Старобіншчыне). Яе прыпынкі незвычайныя: роднае мястэчка, Старобінскае прадзіва, нашыя славутыя землякі, ваколіцы Старобіна, традыцыі і звычаі старобінцаў, Старобін сёння. Кожны прыпынак знаёміць з новай старонкай гісторыі нашага пасёлка, дазваляе адчуць гонар за працавітых і мужных людзей, якія жылі і жывуць тут.
Магчыма, мае першыя прыступкі да вывучэння малой радзімы не такія глыбокія, але ўжо і яны дапамаглі мне асэнсаваць і больш аб’ектыўна ацэньваць гістарычныя падзеі ўсёй краіны. У будучым хачу больш грунтоўна вывучаць свой пасёлак праз прызму гістарычных падзей.
Елізавета Бараноўская,
вучаніца 11 «А» класа
ДУА «Старобінская сярэдняя школа Салігорскага раёна»
Популярные новости


