
Нацыянальная літаратурная прэмія. Стартуе прыём заявак
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пачынае прыём работ для ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе «Нацыянальная літаратурная прэмія». Да творчага спаборніцтва запрашаюцца беларускія пісьменнікі, паэты, драматургі, публіцысты, літаратурныя крытыкі і маладыя аўтары.
Конкурс стварае магчымасць для ацэнкі і падтрымкі найбольш яскравых дасягненняў у сучаснай літаратуры. На разгляд журы прымаюцца творы ў такіх намінацыях, як «Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі», «Лепшы твор прозы», «Лепшы твор драматургіі», «Лепшы твор публіцыстыкі», «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства», «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва», «Лепшы дэбют».
Салігоршчына па праву можа пахваліцца сваімі пераможцамі, якія неаднаразова атрымлівалі гэтую ганаровую прэмію ў розныя гады. Сярод іх — паэт, празаік, ганаровы грамадзянін Салігорскага раёна Фёдар Гурыновіч. Літаратурная прэмія па праву была прысуджана майстру за выдатную кнігу «Паляўнічая паэма» ў намінацыі «Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі».
Заяўкі на ўдзел будуць прымацца да 1 красавіка 2026 года. Прадставіць творы на конкурс могуць як самі аўтары або іх афіцыйныя прадстаўнікі, так і прафілявыя арганізацыі — творчыя саюзы, выдавецкія дамы, рэдакцыі сродкаў масавай інфармацыі, арганізацыі культуры, навуковыя і адукацыйныя ўстановы, якія працуюць у сферы мастацкай літаратуры.
Узнагароджанне пераможцаў конкурсу праводзiцца ва ўрачыстай абстаноўцы ў час святкавання Дня беларускага пiсьменства.
Поўны парадак правядзення конкурсу, патрабаванні да афармлення заявак і спіс неабходных дакументаў выкладзены ў афіцыйным Палажэнні. З ім можна азнаёміцца на афіцыйным інтэрнэт-рэсурсе Міністэрства інфармацыі.


