Пачні з сябе: маштабны суботнік прайшоў у скверы «Маладосць»
У мінулую суботу ў скверы «Маладосць» прайшоў маштабны суботнік. Ініцыятыву прывесці ў парку генеральную ўборку і навесці парадак праявілі прадстаўнікі жыллёва-камунальнай сферы шахцёрскай сталіцы.
Для стварэння добрага настрою ў скверы гучала музыка, для ўдзельнікаў былі арганізаваны чайныя паўзы, а таксама шахматныя і шашачныя міні-паядынкі.
«Шахцер» пабываў на месцы і пагутарыў з арганізатарамі суботніка.
— Суботнік праходзіць у рамках месячніка па навядзенні парадку, — расказаў карэспандэнту нашага выдання дырэктар СГУПП «ЖКГ «Комплекс»» Зміцер Чайкоўскі. — Мы праводзім яго пад дэвізам «Пачні з сябе». Хочам на ўласным прыкладзе паказаць усім гараджанам, як гэта важна – аб’яднаць намаганні і разам навесці парадак на сваёй малой радзіме, Мне вельмі прыемна, што работнікі прадпрыемства так актыўна адгукнуліся на заклік паўдзельнічаць у суботніку. Спадзяюся, мы пададзім добры прыклад і прыцягнем да ўдзелу ў месячніке па навядзенні парадку як мага больш людзей.
Адзначым, што работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі будуць прымаць удзел ва ўсіх 4-х суботніках, якія пройдуць у рамках месячніка. Намечаны вялікі фронт работ.
— Сёння ў скверы працуюць прадстаўнікі апарата кіравання ЖКГ «Комплекс» і кіраўнікі ўсіх структурных падраздзяленняў прадпрыемства, — адзначыла намеснік дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Ірына Круковіч. — Усяго – каля 70 чалавек. Сквер «Маладосць» быў абраны не выпадкова. Адсюль пачынаўся наш горад. Тут мы вырашылі даць старт і вясновай ўборцы. Да ўдзелу ў суботніку запрашаліся ўсе жыхары бліжэйшых дамоў, а таксама навучэнцы ўстаноў адукацыі, якія размешчаны радам. На жаль, жыхары не праявілі ініцыятыву, на наш заклік адгукнуліся толькі прадстаўнікі эканамічнага каледжа. Але мы не губляем надзею, што ў наступных суботніках, да нас падключыцца больш ініцыятыўных грамадзян.