
Для вучняў школы №15 у Салігорску – урок бяспекі ад МНС
У рамках правядзення прафілактычнай работы па забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці ў сярэдняй школе №15 адбылася сустрэча школьнікаў з інспектарам сектара прапаганды Соф’яй Кудзелкай. Работнік МНС правяла займальную і пазнавальную гутарку, прысвечаную правілам паводзін у надзвычайных сітуацыях.
Асноўнай мэтай падобных сустрэч з’яўляецца фарміраванне ў дзяцей усвядомленага разумення небяспекі, развіццё навыкаў бяспечных паводзін і навучанне дзеянням у выпадку ўзнікнення пажару, стыхійных бедстваў або іншых надзвычайных сітуацый.
Пачала гутарку Соф’я Ігараўна з аповеду пра важнасць працы ратавальнікаў, падкрэсліўшы, што іх галоўная задача – дапамога людзям і абарона ад бедстваў. Яна распавяла аб розных відах надзвычайных сітуацый, з якімі даводзіцца сутыкацца супрацоўнікам ведамства.
Інспектар нагадала школьнікам аб неабходнасці захавання асцярожнасці пры абыходжанні з агнём, электрапрыборамі і лёгкаўзгаральнымі рэчывамі. Патлумачыла, як правільна дзейнічаць у выпадку пажару: не панікаваць, неадкладна паведаміць пра пажар па тэлефоне 101 або 112, выразна назваўшы адрас і апісаўшы сітуацыю, пакінуць памяшканне, а пры задымленні – зачыніць рот і нос вільготнай тканінай, перасоўвацца, прыгнуўшыся да падлогі.
Таксама падчас гутаркі школьнікі актыўна задавалі пытанні, выяўляючы непадробную цікавасць да тэмы бяспекі. Соф’я Ігараўна з задавальненнем на іх адказвала, прыводзячы прыклады са сваёй практыкі і даючы карысныя парады.
У сваю чаргу, уражаныя школьнікі падзяліліся сваім меркаваннем аб мерапрыемстве: «Цяпер я буду больш асцярожнай і абавязкова раскажу сваім бацькам аб правілах бяспекі. Ніколі не задумвалася пра тое, што аўтаномны пажарны апавяшчальнік можа абудзіць чалавека ў сне – абавязкова сёння раскажу бацькам», – пракаментавала навучэнка чацвёртага класа Бажэна.
У завяршэнне сустрэчы работнік МНС пажадала вучням быць уважлівымі і асцярожнымі, а таксама заўсёды памятаць аб правілах бяспекі. Яна падкрэсліла, што веданне гэтых правілаў можа выратаваць жыццё.