
«Добры вечар — шчодры вечар» у Восава
Філіял «Восаўскі СДК» ДУК «Культурна-дасугавы цэнтр Салігорскага раёна» запрашае вас наведаць абрадавую праграму «Добры вечар — шчодры вечар»!
13 студзеня 2026 года а 17 гадзіне ў вёсцы Восава традыцыйна пройдзе абрадавая праграма, якая мае статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Тут не сустрэнеш звычайную казу, пераапранутага ў кажух чалавека, няма тут і Мядзведзя з Зорканосцам. Асноўным каларытам абраду з’яўляецца Дзед продак — галоўны персанаж усяго дзейства і захавальнік традыцый мястэчка. Асаблівы від продку надае яго незвычайная берасцяная маска, якой няма аналагаў у рэспубліцы. Надзець гэтую маску можа не кожны, а толькі паважаны сярод вяскоўцаў чалавек.
Існуе добрая прыкмета: калі калядоўшчыкі ў доме пабывалі, увесь год у гэтых гаспадароў не будзе клопатаў.



