
Міжнародны дзень роднай мовы ў Новапалескай школе
21 ЛЮТАГА — МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ
Беларуская мова – найкаштоўнейшы скарб нашага народа, неацэнны набытак, які перадаецца ў спадчыну ад пакалення ў пакаленне. Нездарма наш класік Ф.Багушэвіч гаварыў: «Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Сапраўды, нацыя існуе, дзякуючы нацыянальным адметнасцям: мове, духоўнай спадчыне. А нам, беларусам, ёсць чым ганарыцца – і багатай самабытнай духоўнай спадчынай, і мілагучнай беларускай мовай.
Ва ўстанове адукацыі “Новапалеская сярэдняя школа Салігорскага раёна” прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры “З любоўю да роднага слова!” “Мова родная – мова модная!” – гэтыя словы сталі зваротным заклікам да ўсіх удзельнікаў мерапрыемстваў, спланаваных у рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры, мэтай якога было выхоўваць нацыянальную самасвядомасць, патрыятызм, высокія маральныя якасці вучняў, зацікавіць вучняў творчасцю беларускіх пісьменнікаў, выклікаць жаданне глыбей вывучаць беларускую мову праз правядзенне мерапрыемстваў, акцый, класных гадзін; развіваць творчае мысленне, пазнавальныя інтарэсы вучняў, выхоўваць павагу да культуры нашага народа, любоў да роднага краю, да сваёй малой радзімы.

Родная мова… Яна прыходзіць да чалавека з вуснаў маці. Мова – наш скарб, якім мы павінны ганарыцца. Кожны чалавек павінен ведаць родную мову, спяваць народныя песні, любіць родныя мясціны, сваю Радзіму – Беларусь.
У нашай школе ў рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя Дню роднай мовы.

Добразычлівая атмасфера, цікавыя заданні, наглядныя матэрыялы спрыялі прадуктыўнай працы рабят. Кожны дзень быў насычаны мноствам мерапрыемстваў, якія падрыхтавалі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Наталля Міхайлаўна Караніха, Валянціна Уладзіміраўна Сніцарэнка.

На працягу Тыдня былі праведзены шматлікія мерапрыемствы: святочны кірмаш “Фальклор – душа народа”, свята беларускай нацыянальнай кухні “А на стале тым – рай ды годзе. Шануем традыцыі”, свята роднай мовы “Мова народа – яго святыня”, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы, інтэлектуальна-пазнавальная гульня “Падарожжа па Беларусі” і іншыя. Гульня «Размаўляем па-беларуску» прысвечана нашай роднай мове. Мове, на якой размаўляем мы з вамі, мове нашых бацькоў і дзядоў, мове, гісторыя якой няпростая і цікавая. Мерапрыемства прайшло з мэтай падтрымкі цікавасці да беларускай мовы і літаратуры як да вучэбных прадметаў і як да духоўнага здабытку народа; фарміравання нацыянальнай свядомай асобы, яе менталітэту. Гэта дазволіла развіць моўную культуру, пашырыць агульны і лінгвістычны кругагляд. Прыемна было пачуць беларускае слова на перапынках ад калег-настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў. На працягу тыдня гучалі песні пра Беларусь у выкананні навучэнцаў школы, вучні чыталі на памяць вершы на роднай мове.


19 лютага прайшоў Дзень беларускай нацыянальнай кухні! Дзень беларускай кухні — гэта свята душы і народных традыцый, сапраўднае падарожжа ў глыбіню гісторыі і культуры. У гэты дзень прынята рыхтаваць стравы па старадаўніх рэцэптах, якія падкрэсліваюць багацце мясцовых прадуктаў. Гэта не проста ежа, а частка культурнай спадчыны. Да свята беларускай нацыянальнай кухні “А на стале тым – рай ды годзе. Шануем традыцыі” нашы кухары школьнай сталовай прыгатавалі з душой дранікі з мясам, зацірку, кампот з сухафруктамі. Не толькі дзеці, але і бацькі з задавальненнем каштавалі беларускія стравы, бо родная кухня – гэта смачна, проста і ад сэрца! Роднае сваё – самае смачнае!


Уражанні незабыўныя і маса станоўчых эмоцый…

Таксама вучні школы актыўна прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе па беларускай мове і літаратуры “Буслік”.
Непаўторна і запамінальна як па сваёй атмасферы, так і па натхнёнасці, з любоўю да роднага слова прайшла віктарына «Сваiмi словамi», якая стала фінальным акордам Тыдня. Усе ўдзельнікі былі ў захапленні ад праведзенага мерапрыемства, яны ўбачылі і адчулі, наколькі багатая і прыгожая, мілагучная і самабытная беларуская мова і вельмі хочацца часцей чуць яе ў паўсядзённасці ад людзей.

Вельмі спадабаліся вучням пачатковых класаў рухомыя перапынкі, пад час якіх яны развучвалі беларускія народныя танцы і гульні.
У мерапрыемствах прымалi ўдзел вучнi 3-11 класаў. Асаблiва актыўнымi былi Зеннікава Валерыя, Дваешкін Цімафей, Мельнікава Яна, Карповіч Сафія, Арлоў Ілья, Ванюк Дар’я, Крупец Арсеній, Кот Надзея, Хаменя Дзмітрый, Лінкевіч Анастасія, Ярашэня Фёдар, Лiтвiнюк Вера, Гарбацэвiч Алiна, Гірэль Марк, Наумовiч Анiта, Чахольская Ульяна, Рыкава Арына.
З вучнямі кожнага класа былі праведзены цікавыя займальныя мерапрыемствы, якія, без сумнення, выклікалі высокі душэўны пад’ём і задавальненне ад далучэння да беларускай культуры праз іскрыстую творчасць дзяцей і настаўнікаў.
Праведзены Тыдзень паказаў: беларуская мова — гэта жывая крыніца, якая аб’ядноўвае пакаленні і дорыць радасць адкрыццяў. Гэтыя мерапрыемствы дапамагаюць вучням больш глыбока пазнаць багацце беларускай мовы, адчуць прыгажосць літаратуры і ўсвядоміць важнасць захавання нацыянальнай спадчыны.

Дзякуючы зладжанай працы вучняў і настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Наталлі Міхайлаўны Караніха і Валянціны Уладзіміраўны Сніцарэнка Тыдзень прайшоў пазнавальна, эмацыянальна і цікава. Пераможцы і актыўныя ўдзельнікі былі ўзнагароджаны граматамі. Усе ўдзельнікі пераканаліся, што родная мова – гэта частка нашай душы і гісторыі.
Святлана Радзько, педагог дадатковай адукацыі


