Работа
Мова – душа народа

Мова – душа народа

Беларуская мова – гэта не проста вучэбны прадмет, гэта асноўная адметнасць нацыі, адлюстраванне характару, культуры, гісторыі беларускага народа. Напярэдадні Дня роднай мовы карэспандэнты часопіса “Без назвы” паразмаўлялі з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры Старобінскай сярэдняй школы, каб даведацца, што паўплывала на іх прафесійны выбар.


Таццяна Мікалаеўна Пятровіч: “Калі мяне пытаюць, чаму я выбрала гэты нялёгкі, але такі па-свойму цікавы шлях, я заўсёды ў думках вяртаюся ў сваё дзяцінства. Я лічу,што мой шлях да прафесіі настаўніцы беларускай мовы пачаўся яшчэ з дзіцячага сада, дзе з намі, дзецьмі, размаўлялі, праводзілі заняткі, арганізоўвалі святы на самай пяшчотнай і мілагучнай мове. У школе перада мной паўстаў зусім іншы, незнаёмы свет мовы. Мы вучылі правілы, спрагалі дзеясловы, але сапраўдным адкрыццём для мяне стала літаратура. На ўроках, дзякуючы маёй настаўніцы Алене Паўлаўне Васільевай, ажывалі старонкі беларускіх твораў. Я ўбачыла, што беларускае слова — гэта душа нашага народа, яго гісторыі і культуры.

З часам я зразумела, як лёгка страціць тое, што дасталося нам ад продкаў, як важна берагчы мову і перадаваць яе далей. Менавіта тады з’явілася цвёрдае жаданне стаць тым самым правадніком для іншых, якім калісьці для мяне стала мая настаўніца, Алена Паўлаўна. Сёння я прыходжу ў клас не проста вучыць дзяцей правільнаму напісанню і чытанню. Я прыходжу, каб разам з імі захапляцца прыгажосцю роднага слова, каб дапамагчы вучням адчуць сябе часцінкай вялікай і прыгожай беларускай зямлі”.

 Таццяна Уладзіміраўна Паўлюкова: “З дзяцінства разам з бабуляй Валяй, настаўнікам пачатковых класаў, я хадзіла на ўсе школьныя пляцоўкі (зараз — дзённыя лагеры) на канікулах. Мне вельмі падабалася ў школе! Потым дома я рабіла імправізаваны клас, рассаджвала вучняў (цацкі) і праводзіла ім урокі. Калі пайшла ў школу, у першым класе мяне вадзілі да пяцікласнікаў, каб я паказала майстар-клас, як трэба чытаць. Потым, пасталеўшы, стала прымаць актыўны ўдзел у днях самакіравання. Заўсёды праводзіла ўрокі беларускай мовы і літаратуры, бо добра ведала і любіла гэтыя прадметы. І калі прыйшоў час выбіраць, з якой прафесіяй звязаць сваё жыццё, у мяне сумненняў не было. Я, канешне ж, выбрала прафесію настаўніка беларускай мовы і літаратуры”.

Людміла Раманаўна Рудэнка: “На мой выбар прафесіі паўплываў настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ларыса Мікалаеўна Серавокая. З якім захапленнем мы слухалі аповеды настаўніцы на роднай мове, калі яна прыйшла да нас у 5 класе. Гэта сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Яна і зараз працуе ў гімназіі №2 г. Салігорска. Мы падтрымліваем з ёй цёплыя і добрыя адносіны, нягледзячы, што ўжо столькі многа часу прайшло ( аж 40 гадоў !). Заўсёды пры сустрэчы дзелімся навінамі і радуемся поспехам адзін аднаго. Увогуле, я ніколі не пашкадавала аб сваім выбары прафесіі. Любіць свой край, сваю мову, вучыць гэтаму дзетак – для мяне гэта так натуральна, як дыхаць… Праз урокі, мерапрыемствы, спектаклі, навукова-даследчыя і выхаваўчыя праекты раблю “прышчэпку да роднай мовы”, якая дапаможа нам захаваць самабытнасць і культурны код народа”. 

 Вольга Канстанцінаўна Копаць: “На маё рашэнне стаць настаўніцай роднай мовы хутчэй за ўсё паўплываў мой настаўнік, Ільюшчыц Сяргей Іосіфавіч. З пятага класа на ўроках я чула прыгожую, чыстую мову. Чула песні на беларускай мове і вершы. Чамусьці я захацела таксама выкладаць родную мову, хоць трошкі дапамагчы яе “вяртанню” да людзей. І сёння ніколькі не шкадую аб гэтым”.

Ірына Леанідаўна Жыброва: “Пасля заканчэння Салігорскай сярэдняй школы №1 я выбрала прафесію выхавальніка дзіцячага сада. Паступіла ў Салігорскі педагагічны коледж на дашкольнае выхаванне, але пасля яго заканчэння выхавальнікам папрацаваць не давялося. Мне прапанавалі работу настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Вейнаўскай базавай школе, і я згадзілася. Беларуская мова і літаратура яшчэ з маіх школьных урокаў, якія вяла Наталля Сяргееўна Чалей, былі для мяне самымі любімымі. Мая настаўніца прывіла нам, сваім вучням, любоў да роднай мовы, да яе прыгажосці і мілагучнасці. Працуючы ў вясковай школе, я зразумела, што таксама хачу адкрываць таямніцы роднай мовы вучням, і паступіла ў Мінскі педагагічны ўніверсітэт на завочнае аддзяленне па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”. За гады працы дакладна ўпэўнілася, што зрабіла правільны выбар”.

автор — юнкоры журнала «Без назвы»

КАТЕГОРИИ
Поделиться