Незагойная рана

Незагойная рана

Стаю ля помніка. Жалобная цішыня. Маўчыць свет, маўчаць цёмныя пліты. Не, не маўчаць. Яны стогнуць, плачуць. На плітах прозвішчы, прозвішчы, прозвішчы: Далматовічы, Дземідовічы, Тарасевічы, Гапановічы, Берасцені…Старэйшаму Тарасевічу Міхаілу Іванавічу – 83 гады, самаму меньшаму, немаўляці, – 3 дзянёчкі ад роду, 3 дзянёчкі. Не паспелі нават імя дзіцяці даць. І яно згарэла жывым у агні. Згарэла 217 чалавек.


На адной з пліт надпіс: «Здесь 15 февраля 1943 года сожжены и расстреляны 217 жителей д.Величковичи». Спачываюць у брацкай магіле, якая знаходзіцца на месцы хлява, дзе спасцігла іх смяротная гадзіна. У трох кіламетрах ад вёскі яшчэ адна брацкая магіла, дзе пахаваны жыхары Старых Вялічкавіч – 114 чалавек, спаленых карнікамі ў той жудасны дзень. 331 загубленае фашысцкімі вырадкамі жыццё.

Сэрца скавана болем. Уяўленне і ўспаміны, пачутыя ад сведкаў крывавай расправы над маімі аднавяскоўцамі паўсталі жахлівым відовішчам: жывыя людзі гараць у хляве, раздзіраючыя душу крыкі, плач, стогны. Сведкаў двое: Тарасевіч Павел Дзям’янавіч і Коўцік Антон Паўлавіч.

– Цяжка такое ўспамінаць,– выціраючы хусцінкай вочы, з болем у голасе гаворыць Тарасевіч Павел Дзям’янавіч. Застаўся жывы, але 15 лютага ніколі не забудзецца. Мне тады было гадоў 13. Зіма тая надта лютая была: снег, мароз. Раніцай наляцелі карнікі і пачалі выганяць людзей з хат. Да нас зайшоў адзін і на каверканай рускай мове загадаў бацьку напаіць іхніх коней. Бацька выйшаў, і я за ім. Бачу – гоняць па вуліцы цётчыну сям’ю, і цётка ў руках нясе запаленую свечку. Мне стала страшна. Я забег у хату і крыкнуў: «Бяда!» На печы сядзела бабуля з малым, якое нарадзілася тры дні назад. Маці памерла. Пасаромелася раджаць у хаце, бо стаялі ў нас партызаны, і пайшла ў сцёпку. Там моцна застудзілася і памерла, пакінуўшы нас сямёра.

Ахоплены страхам і панікай выбег з хаты і падаўся на суседні двор. Там сустрэў Ганну (Царства ёй Нябеснае: памерла ўжо). Дзе дзецца, куды схавацца? А людзі ідуць і ідуць. Крыкі, плач. Мы забеглі ў Ганніну хату і схаваліся ў падпечак. І тут заходзяць у хату яны. Гавораць па-русску. У хаце поўна курэй. Рабаўнікі пачалі лавіць курэй, а тыя уцякаць у падпечак. Тады Ганна пачала падпіхаць іх памаленьку на хату. Здагадаліся, ці не гады, што нехта там сядзіць, бо нас не зачапілі. А можа яшчэ сумленне не зусім чорным было ў іх. З хаты, праўда, ўсё вынеслі да ніткі. Праз колькі часу вылезлі мы і жахнуліся: вёска гарэла, падпаленая з двух канцоў. З усіх ног мы кінуліся уцякаць у лес. Так і ўратаваліся. Ацалелі тры хаты, але іх потым Логвін (мясцовы паліцай) спаліў. Бацька мой амаль з агню ўцёк, выратаваўся, а ўсе астатнія нашы згарэлі. Хай будуць праклятыя гітлеры навекі вякоў. Пагаварыце з Коўцікам Антонам Паўлавічам. Ён з пад куляў выбраўся.

Павел Дзям’янавіч змоўк, перавёў дыханне. Вусцішна стала ў хаце: ні роспытаў, ні размоў, а толькі адзін пякучы боль у сэрцы. Сустрэча з Коўцікам Антонам Паўлавічам была такой жа бязрадаснай.

– І сёння ныюць раны ад куляў карнікаў, калі ўцякаў, як пачалі зганяць у хлеў людзей нашых. Трэба сказаць, што нас папярэдзіў нехта з паліцаяў аб карным атрадзе, які ўчыніць расправу над вёскай і намі. І партызаны казалі сысці ў лес сем’ямі. Але не згадзіліся мы: сем’і вялікія, гаспадарка ў кожнага немалая. Жылі добра. Як пакінуць усё? Ды і зіма надта халодная выдалася – дзеці ў лесе памерзнуць. Дык вось: пашкадавалі, каб не памерзлі ў лесе, дык, лічы, адправілі на гібель. Можна ж было неяк уратавацца. І думалі, што ўратуемся. Сышлі ў лес на дзён тры пасля таго, як пачулі аб карным атрадзе. Засталася ў адной хаце старая жанчына. Не магла ісці ў лес. Карнікі засталі сяло пустым, старой не зачапілі і пайшлі далей сваёй крывавай дарогай на Вейна, Пузічы. З лесу мы пачалі набягаць дадому жывёлу дагледзець, узяць чаго-небудзь з харчоў, адзежы – ведама ж, зіма. Старая сказала, што не зачэпяць, яе ж не зачапілі.

…Быццам сёння вярнуліся, а назаўтра раніцай… Духі забівае, гаварыць нельга. Ачапілі сяло, пачалі выганяць з хат. Сагналі спачатку ў кузню – не памесціліся там. Душу разрывалі крыкі, плач жанок, дзяцей. Затым сталі пераганяць у хлеў.Жанчыны кінуліся на калені вымольваць літасці ў азвярэлых вылюдкаў, прасілі, плакалі, пракліналі. У гэтай мітусні некаторыя маладзейшыя, здаравейшыя кінуліся уцякаць у лес. Блізка ён быў, але снег глыбокі, бегчы цяжка. Услед раздаліся аўтаматныя чэргі. Падалі забітыя. Маю руку апякло. Я ўпаў. Калі стрэлы крыху аціхлі, зноў падняўся і пабег. Зноў болем разанула руку. Полы кажушка, якія расшпіліў на хаду, былі, як рэшата, пасечаны кулямі.

Падабралі мяне Дзям’ян, Паўлаў бацька, і яшчэ хлопцы, што засталіся ў лесе, не пайшлі дадому тады, як ўсе вярнуліся. Пабаяліся, каб сілай не прымусілі ісці ў паліцаі. Мы падаліся да партызан, яны стаялі ў в.Рожан. Вылечылі мяне, і я застаўся у атрадзе. Калі набліжаўся фронт, пайшоў у войска, прыбавіўшы сабе гадоў. Як бачыце, вярнуўся жывы. Цяпер на пенсіі. Дзеці, унукі ўжо вялікія. Здаецца жыві і радуйся. А радасці тае, паверце, няма. Жудасны дзень 15 лютага азмрочыў усё жыццё. Не забываецца, – закончыў свой аповяд Антон Паўлавіч.

Пасля вайны вёска адрадзілася на тым самым месцы. Засталіся ў жывых лічаныя людзі, і яны ўдыхнулі жыццё там, дзе здавалася, ужо яму ніколі не быць, як няма яго ў Хатыні, у Хадыцы, у 186 беларускіх вёсках.

Прайшло ужо шмат гадоў, а боль не сціхае, а раны не гояцца, а памяць не прытупляецца. Попел грукае ў сэрца, каб яно не ачарсцвела, каб помніла. Спіце спакойна, добрыя людзі, – шэпчуць мае вусны. Царства вам Нябеснае.

Запіс 1998 года.

Тычына Тамара Сцяпанаўна, настаўніца Вялічкавіцкая СШ.

КАТЕГОРИИ
ТЕГИ
Поделиться