
Як у Салігорскім раёне адраджаюць традыцыі продкаў
Вы трымаеце ў руках кавалак тканіны, які саткалі вашы прабабулі, адчуваеце пад пальцамі кожную нітачку і разумееце, што ў гэта ўкладзена шмат працы і цярпення. Гэта гісторыя роду, гісторыя краю. І каб такія гісторыі не зніклі назаўжды, у Салігорскім раёне іх адраджаюць літаральна з ніткі.
У рамках праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё» адбылося незвычайнае пасяджэнне народнага клуба народных майстроў «Натхненне». Сустрэча прайшла на базе народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Валошка» (філіял «Раённы Цэнтр рамёстваў»). Тэма была простая і адначасова глыбокая. Пра блакітны цуд беларускага поля размаўлялі, разважалі аб мінулым і будучым.

Лён і зараз застаецца сімвалам чысціні, дабрабыту і сувязі з зямлёй. У ільняным адзенні хадзілі, ільнянымі ручнікамі ўпрыгожвалі покуць, насеннем лекаваліся. З часам тэхналогіі змяніліся, і працэс ператварэння сцяблінкі ў тонкае палатно для асобна ўзятай хатняй гаспадаркі перастаў быць важным. Але ўдзельнікі клуба «Натхненне» не даюць знікнуць гэтым ведам. Яны сабраліся, каб зноў звярнуцца да мінулага і яшчэ раз прыйсці шляхам продкаў, якія з маленькага насення расцілі, а затым выраблялі тое самае даматканае палатно, якое грэла зімой і ратавала ад спёкі летам.

Сустрэча атрымалася як сапраўднае падарожжа. Госці не толькі пачулі пра асаблівасці вырошчвання лёну, але і даведаліся, як яго традыцыйна апрацоўвалі. Колькі этапаў праходзіць лён, перш чым стаць ніткай? Яго трэба пасеяць, прапалоць, вырваць, абмалаціць, вымачыць, высушыць, змяць, абтрапаць, вычасаць… І толькі потым прасці і ткаць. Кожны з гэтых этапаў быў сапраўдным рытуалам, які суправаджаўся спевамі, прыкметамі і павер’ямі. Удзельнікі клуба з цікавасцю ўглядаліся ў старыя кросны, прыспасобы, уздыхалі: «А нашы бабулі гэта ўсё рабілі сваімі рукамі!». І ад гэтага ўсведамлення звычайныя рэчы набывалі асаблівую каштоўнасць.



Навошта сучасным жанчынам, якія жывуць у эпоху гатовых рэчаў, ведаць, як апрацоўвалі лён стагоддзі таму? Адказ просты — без ведання мінулага няма будучыні. Праект «Кожная пятніца — роднае, сваё» і клуб «Натхненне» робяць вялікую справу. Яны вяртаюць нам памяць. Яны паказваюць, што беларуская культура жывая, што нашы традыцыі не музейныя экспанаты, а тое, што можа сагрэць душу і сёння.


Удзельніцы пасяджэння разыходзіліся з новымі ведамі і яркімі ўражаннямі. Але галоўнае з разуменнем, што яны датыкаюцца да чагосьці сапраўднага. Да таго, што рабілі іх продкі. Бо пакуль жыве памяць — жыве і наша зямля.


Фото Культурно-досуговый центр Солигорского района


