Главная >> Чалавек і закон >> Вынесены прысуд яшчэ аднаму «ухілісту»

Вынесены прысуд яшчэ аднаму «ухілісту»

$ |

Уступіў у законную сілу чарговы прысуд за ўхіленне ад вайсковага прызыву. Крымінальная справа ў дачыненні да жыхара нашага горада разглядалася на выязным пасяджэнні  суда Салігорскага раёна ў ваенным камісарыяце.

            Перад судом паўстаў жыхар нашага горада, які выяўляў жаданне служыць у войску,  але ў «нармальных» войсках, што трэба разумець як элітныя. Аднак у ходзе мерапрыемстваў прызыву хлопец адмовіўся выконваць патрабаванні спецыялістаў медыцынскай камісіі. Што ж спарадзіла канфлікт з законам?

            Пасля заканчэння 9 класаў агульнаадукацыйнай школы хлопец  паступіў у сярэдне-спецыяльную навучальную ўстанову, але ў маі 2014 года быў адлічаны па адмоўных матывах. Дакументы ў асабістай справе прызыўніка сведчаць пра тое, што ён неаднаразова здзяйсняў правапарушэнні, а ў 2016 годзе трапіў пад кантроль спецыялістаў Салігорскага ПНД. За ўвесь гэты час малады чалавек так і не прадставіў запатрабаваную  ваенкаматам характарыстыку.           

Як сведчыў у судзе урач-нарколаг, гэты жыхар нашага горада  быў прызнаны прыдатным, але з улікам абмежаванняў па зроку, на тэрміновую вайсковую службу. Але, паводле слоў  доктара, 5 верасня ў ваенкамат хлопец з'явіўся з прыкметамі стану алкаголю. Малады чалавек быў накіраваны на абследаванне ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя. Аднак прызыўнік адмовіўся туды ехаць, мяркуючы, што ў будучыні гэта можа паўплываць на працаўладкаванне.           

З ваеннага камісарыята рэгулярна прыходзілі позвы, паступалі тэлефонныя званкі з патрабаваннем з'явіцца на мерапрыемствы прызыву. Але малады чалавек іх ігнараваў. Прызыўніку растлумачваліся ўсе магчымыя наступствы такіх паводзін, але ён памылкова разлічваў толькі на штраф.   

Аднак на самай справе санкцыі, прадугледжаныя парушальнікам артыкула 435 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, значна  шырэйшыя. Вынесены прысуд - пазбаўленне волі на тэрмін 1 год з адтэрміноўкай выканання прызначанага пакарання тэрмінам на 1 год, выкананне грамадска карысных работ у аб'ёме 120 гадзін - быў нечаканым для абвінавачанага.            - Неабходнасць праходжання тэрміновай ваеннай службы рэгламентавана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, - адзначае памочнік пракурора Салігорскага раёна Дзмітрый Міхалковіч. - Дзеючым заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная або крымінальная адказнасць за ўхіленне ад прызыву. У дадзеным выпадку абвінавачаны панёс крымінальнае пакаранне. Пры гэтым суд палічыў, што выпраўленне маладога чалавека можа быць дасягнута без накіравання ў папраўчую ўстанову.

 

Print Friendly, PDF & Email