Главная >> Новости Беларуси >> Год малой родины >> Дэпутацкі суботнік у Краснодворскім сельсавеце

Дэпутацкі суботнік у Краснодворскім сельсавеце

$ |

У суботніку прынялі актыўны ўдзел 11 дэпутатаў, ну а дапамогу ў тэхніцы, без якой у такой маштабнай справе не абысціся, аказалі «ЭкаКомплекс» (які прадаставіў МАЗ з прычэпам і шэсць памочнікаў) і ДЭУ-64 (якое падала пагрузчык, трактар ​​з прычэпам і двух работнікаў з бензапілой).

 

 

  Па словах старшыні Краснадворскага сельсавета Людмілы Іосіфаўны Маціеўскай, да дэпутатаў далучыліся і два работнікі ААТ «Краснадворцы», што значна палегчыла працу, аб'ём якой быў вельмі вялікі. Чаго каштавала ўборка адной толькі тэрыторыі каля дома 40А, на вуліцы Цэнтральнай вёскі Радкава! 54 соткі ўяўлялі сабой жахлівае відовішча: суцэльныя зараснікі дзікага хмызняку і самавольныя старыя будынкі, якія аблюбавалі бамжы. Увесь  параснік быў зрэзаны і выкарчаваны, смецце вывезена, а будынкі знесены. Людміла Маціеўская не хавае, што вінаватымі несанкцыянаванай звалкі з'яўляюцца мясцовыя жыхары, і вельмі спадзяецца, што ААТ «Краснадворцы» увядуць гэтыя землі ў сельгасабарот.

  Зайздросную актыўнасць у суботніку праявіў і Краснадворскі ВПК, які пасадзіў 70 дрэў і прывёў у парадак тэрыторыю каля помніка «Землякам» ў Краснадворцах і Чапялях. Сто пасаджаных дрэў на рахунку Крывічскай  сярэдняй школы, якая таксама не пакінула ўвагай мясцовы помнік загінулым у час Вялікай Айчыннай аднавяскоўцам.

  Крывіцкая амбулаторыя (у колькасці 12 чалавек) правяла вялікую работу, ліквідаваўшы несанкцыянаваную звалку на тэрыторыі 2 гектар паміж вуліцамі Школьная і Пралетарская. Дапамогу ў тэхніцы аказаў «Бальшавік-Агра». І жыць бы зараз, ды цешыцца, ды толькі ніхто не дае гарантыі, што роўна праз год такая ж звалка не з'явіцца там зноў.

- Гэтую звалку мы ліквідуем кожную вясну, - наракае Людміла Маціеўская. - Перакананая, што ў такой справе, як чысціня і парадак, кожны чалавек павінен пачынаць з сябе. Як можна выкідаць смецце, абы-дзе, калі сёння існуюць спецыялізаваныя арганізацыі, з якім можна заключыць дагавор? Калі жыхары не перагледзяць сваё стаўленне да малой радзімы, навесці парадак толькі сіламі мясцовай улады будзе нялёгка.

 

   

    

 

Print Friendly, PDF & Email