Мерапрыемства адбылося сёння, 15 сакавіка, у вялікай зале Салігорскага райвыканкама, дзе сабраліся не толькі віноўнікі ўрачыстасці, але і кіраўнікі арганізацый, прадстаўнікі раённай улады, ганаровыя грамадзяне горада. Уручэнне пашпартоў юнаму пакаленню краіны ў Дзень Канстытуцыі даўно стала добрай традыцыяй, і вось ужо 15 гадоў запар (па ініцыятыве БРСМ) праходзіць у рамках патрыятычнай акцыі "Мы - грамадзяне Беларусі."
Дзень, калі ўручаюць галоўны дакумент у жыцці кожнага чалавека, 14-гадовыя школьнікі шахцёрскага краю называлі хвалюючым і, разам з тым, вельмі радасным.
Дар'я Стражэвіч, навучэнка Салігорскай сярэдняй школы №11:
- Я люблю свой горад, люблю Беларусь, і вельмі шчаслівая, што нарадзілася менавіта тут, а сёння стану паўнапраўным грамадзянінам сваёй краіны. Пасля 9 класа збіраюся паступаць у Салігорскі дзяржаўны каледж. Хачу стаць добрым лагапедам.
Арцём Сергачоў, навучэнец Краснаслабодскай сярэдняй школы:
- Вучоба ў Салігорскім горна-хімічным тэхнікуме - мая даўняя мара. Вывучуся і хачу працаўладкавацца на прамысловы гігант нашай краіны - "Беларуськалій". Мне дорага ўсё, што мы называем сваёй малой радзімай. Буду рабіць, што ад мяне належыць, каб быць яе годным.
Андрэй Івашкевіч, навучэнец Краснаслабодскай сярэдняй школы:
- Сёння я адчуваю шчасце і пачуццё гонару за сябе і сваіх аднагодкаў. Атрыманне пашпарта да многага абавязвае і я рады гэтай адказнасці. Пасля заканчэння школы хачу стаць студэнтам Мінскага дзяржаўнага архітэктурнага каледжа, каб наш краіна была яшчэ прыгажэй!
У адрас галоўных герояў урачыстасці было сказана нямала добрых словаў з пажаданнямі, якія яны напэўна запомняць на ўсё сваё жыццё.
Ала Калеева, старшыня Салігорскага раённага Савета дэпутатаў:
- Сёння, у юбілейны дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, можна з упэўненасцю сказаць, што ўсе мы ганарымся асноўным Законам нашай краіны, які ўвасобіў у сабе ўсю мудрасць нацыянальнага Заканадаўства і адпавядае самым высокім міжнародным стандартам.
Пажадаўшы моладзі поспехаў, аптымізму і ўпэўненасці ва ўласных сілах, Ала Васільеўна выказала надзею, што сёняшнія школьнікі будуць не толькі добрасумленныя ў вучобе, але і вырастуць годнымі людзьмі, якія добрасумленна працуюць на карысць сваёй Радзімы. Да пажаданняў кіраўніка дэпутацкага корпуса далучыўся генеральны дырэктар горадаўтваральнага прадпрыемства Іван Галаваты:
- Мне вельмі прыемна прысутнічаць на такім значным мерапрыемстве, дзе юнакам і дзяўчатам уручаюць самы галоўны дакумент - пашпарт. Я б назваў яго сапраўдным "абярэгам", які дазволіць адчуваць сябе абароненым, дзе б вы не былі.Упэўнены, што сваімі намаганнямі вы будзеце прымнажаць багацце нашай краіны - самай прыгожай і дарагой сэрцу кожнага беларуса.
З важным і незабыўным днём у іх жыцці юнае пакаленне павіншавала і ганаровы грамадзянін Салігорска Алена Козырава, якая падкрэсліла асаблівую значнасць дакумента, які адкрывае перад імі новыя гарызонты, "калі можна тварыць, ствараць і пакідаць у гісторыі важкі след".
Ад асобы маладых грамадзян краіны да ўдзельнікаў свята звярнуўся навучэнец Салігорскай сярэдняй школы №4 Максім Бунас:
- У свае 14 гадоў мы ўжо досыць дарослыя, каб успрымаць сябе як частку грамадства і выбіраць сваю будучыню. Мы жывем у свабоднай і мірнай краіне, дзе кожны можа быць упэўнены ў тым, што яго свабода, жыццё і права надзейна абаронены. Мы добра разумеем, як шмат залежыць ад нас саміх. Працай і справамі будзем старацца быць годнымі тых, хто аддаў свае жыццё за гонар і незалежнасць нашай Радзімы.
Популярные новости


