21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА. Галоўная яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.
А яркім пацверджаннем сказанаму будуць словы беларускіх класікаў пра нашу родную мову:
“Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі, ты самацветаў яскравая нізка.
Кожная з іх барвы дзівосныя мае, вечным агнём зіхаціць – не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай, дзе б і якой ні хадзіў я дарогай”
(У. Дубоўка)
“Дык чаруй жа людзей паміж моваў другіх
І гучы вечна, ярка і нова.
Мова продкаў маіх і нашчадкаў маіх –
Беларуская родная мова!”
(А. Ставер)
“…Не, я не супраць розных іншых моў,
Але мне роднай смак заўсёды мілы.
І я – падданы беларускіх слоў,
Тых, да якіх Радзіма прычасціла”.
(Н. Гальпяровіч)
Са святам вас, паважаныя салігарчане! Размаўляйце на роднай мове часцей, і ў вас ніколі не ўзнікне цяжкасцей з разуменнем і ўжываннем беларускіх слоў.
Популярные новости


