Главная >> Новости Беларуси >> Бацькаўшчына >> Гісторыя Доўгаўскага сельсавета: ад II стагоддзя да нашых дзён

Гісторыя Доўгаўскага сельсавета: ад II стагоддзя да нашых дзён

$ |

Даўгаўскі сельсавет быў створаны 28 жніўня 1924 года. У той час ён уваходзіў у склад Старобінскага раёна Слуцкай акругі. У 1954 годзе былі далучаны населеныя пункты сельсавета Мазуршчыны. У 1962 годзе Старобінскі раён быў скасаваны, таму сельсавет далучылі да Любанскага раёна. А ўжо 6 студзеня 1965 года Доўгаўскі сельсавет увайшоў у склад Салігорскага раёна. Яшчэ адно змяненне адбылося 30 кастрычніка 2009 года. У Даўгаўскі сельсавет былі перададзены населеныя пункты скасаванага Яскавіцкага сельсавета.


 

На дадзены момант гэты сельсавет уключае 17 населеных пунктаў: вёскі Вялікі Лес, Горка, Жоўты Брод, Загліннае, Зялёны Бор, Камень, Камсамолец, Мазуршчына, Махнавічы, Мелкавічы, Морач, Навасель, Прагрэс, Равецкі Лес, Савецкая Морач, Яскавічы і аграгарадок Доўгае.

 

 

Гісторыя населеных пунктаў

 

Яна пачалася задоўга да ХХ ст. Археалагічныя раскопкі, якія праводзіліся каля вёскі Яскавічы, выявілі рэшткі жыллёвага комплексу, датаваныя III ст. нашай эры. Былі знойдзены дэталі касцюма і ўпрыгожванняў канца II-IV ст. нашай эры, а таксама срэбраныя манеты рымскага імператара Камода (161 - 192 гады).

Што датычыцца цэнтра сельсавета, то Доўгае вядома з 16 ст. як сяло, шляхецкая ўласнасць у Бярэзнікаўскай воласці Слуцкага княства. У 1800 годзе ў вёсцы было 34 двары і 166 жыхароў. Вёска з’яўлялася маёмасцю Д. Радзівіла.

 

 

Варыянты паходжання назвы

 

Па адной з версій, назва вёскі пайшла ад таго, што доўга шукалі востраў, каб пасяліцца, бо кругом былі непраходныя балоты. Па другой — паселішча назвалі так, бо людзі сяліліся ўздоўж ракі Случ адной вуліцай, якая нагадвала доўгую нітку.

Ёсць тут і рукатворны канал, які мясцовыя жыхары называюць «Арыштантка». Чаму так? Справа ў тым, што ў ХІХ стагоддзі было вырашана асушыць балоты. Праект быў грандыёзным на той час, а ператварыць яго ў жыццё трэба было ў кароткія тэрміны. Каб здзейсніць задумку, у палескі край былі накіраваны вязні, бо наёмных работнікаў не хапала. Непадалёку ад сучаснай вёскі Равецкі Лес былі пабудаваны некалькі баракаў. Многія вязні былі закаваны ў кайданы. Па некаторых падліках, на будаўніцтве канала працавалі каля 5 000 вязняў. Старажылы распавядалі, што яшчэ пры савецкай уладзе спілілі дуб, у дупле якога знайшлі шкілет чалавека з ручнымі і нажнымі кайданамі.

 

Уздоўж «Арыштанткі» ўтварыліся тры вёскі: Равецкі Лес, Радацень-1 і Радацень-2. Цікава, что назва Равецкі Лес пайшла ад таго, што ў навакольнай пушчы вадзілася шмат звяроў, якія па начах падымалі гучны роў. Дзве другія вёскі ў савецкі час перайменавалі ў Прагрэс і Камсамолец. А назву каналу далі людзі, бо доўга пасля заканчэння работ мясцовыя жыхары пры правядзенні палявых работ знаходзілі кайданы арыштантаў. Узор можна ўбачыць у музеі Доўгаўскай школы.

 

 

Ваеннае ліхалецце

 

Вайна не абышла бокам гэты палескі край. Мясцовыя жыхары мужна змагаліся з ворагам на ваенных франтах і ў партызанскіх атрадах. Вось што захоўваецца ў архівах школьнага музея аб тых смутных гадах:

Немцы прыйшлі ў Доўгае ў 1941 годзе, спалілі школу, хату старшыні калгаса Герасімені. У вёсцы ў будынку бальніцы размясціўся нямецкі гарнізон. Яго начальнікам быў Неслухоўскі — сын свяшчэнніка з вёскі Заходняя Морач. У сакавіку 1942 года партызаны пад кіраўніцтвам Д.Ц. Гуляева разграмілі гарнізон.

 

На тэрыторыі Старобінскага раёна з канца чэрвеня да 13 лістапада 1941 года былі арганізаваны і актыўна дзейнічалі 4 партызанскія атрады, сярод якіх быў і Доўгаўскі партызанскі атрад, створаны патрыётамі вёсак Доўгае і Махнавічы ў ліпені 1941 года. Ён налічваў 25 чалавек. Камандзірам атрада быў Г.П. Сцешыц. У жніўні 1941 года Доўгаўскі атрад разам са Старобінскім, Даманавіцкім і Чырвонаазёрскім аб’ядналіся ў Старобінскі атрад імя І.В. Сталіна пад камандаваннем Васіля Цімафеевіча Меркуля, які да 10 красавіка 1943 года знаходзіўся ў складзе брыгады імя С.М. Будзёнага Пінскай вобласці.

 

У час Вялікай Айчыннай вайны жыхары вёскі Доўгае прымалі актыўны ўдзел у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Больш за 100 чалавек ваявалі на фронце, у партызанскіх атрадах, былі сувязнымі. З іх 44 чалавекі загінулі і прапалі без вестак на фронце.

 

 

 

Ад калектывізацыі да сучаснасці

 

Першае прадпрыемства сельскай гаспадаркі было створана ў вёсцы Доўгае ў 1930 годзе. Першым старшынёй калгаса «Чырвоны пагранічнік» быў назначаны Адам Лаўрэнцьевіч Герасіменя. У 1933 годзе было закончана перасяленне з хутароў. У 1938 годзе вёска была электрыфіцыравана і радыёфіцыравана, з’явіліся першы трактар і машына.

 

У сучаснай гісторыі сельскай гаспадаркі таксама шмат змяненняў. За апошнія 15 гадоў былі і рэарганізацыі, і аб’яднанні. У 2004 годзе калгас «40 год БССР» быў рэарганізаваны ў СПК «БелСлуч». У 2005 годзе да СПК «БелСлуч» далучыліся землі калгаса «Новы свет». 1 снежня 2010 года СПК «БелСлуч» рэарганізавана ў ААТ «БелСлуч». У пачатку 2011 года да ААТ «БелСлуч» далучыліся СГП «Мазуршчына» і калгас «Ананчыцы». На сёння ААТ «БелСлуч» спецыялізуецца на вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі.

 

На тэррыторыі Доўгаўскага сельсавета размешчана яшчэ адно прадпрыемства — ПМК-79 трэста «Салігорскводбуд». Яго гісторыя пачалася ў 50-х гадах. У вёсцы Доўгае была арганізавана Капацэвіцкая машынна-меліяратыўная станцыя (ММС), якая пачала праводзіць асушэнне балот у Старобінскім раёне. 1 жніўня 1981 года прадпрыемства атрымала новы статус і назву - ПМК-79 трэста «Салігорскводбуд». Сучасная арганізацыя ПМК-79 выконвае пашыраны спіс работ, у асноўным спецыялізуецца на будаўнічых.

 

Таксама тут працуе ААТ «Тэхсэрвіс-Доўгае» (металаканструкцыі), знаходзіцца ўчастак ЖЭС-7, у 2019 годзе ўведзена ў эксплуатацыю новая кацельная. Сацыяльна-культурная сфера прадстаўлена ДУ «Доўгаўская сярэдняя школа» (на 200 навучэнцаў), ДДУ «Дзіцячы сад» (на 100 выхаванцаў), сельскім Домам культуры ў аг. Доўгае, Доўгаўскім спартыўным комплексам, клубамі-бібліятэкамі ў вв. Жоўты Брод і Яскавічы. Функцыянуе бальніца сястрынскага догляду ў аг. Доўгае на 40 месцаў, тры ФАПы (Махнавічы, Яскавічы, Мазуршчына), аптэка, аддзяленне ААБ «Беларусбанк», комплексна-прыёмны пункт, аддзяленні пошты ў аг. Доўгае і в. Яскавічы, гандлёвыя прадпрыемствы і дзве царквы – Свята-Дзмітрыеўская і Веры евангельскай.

Print Friendly, PDF & Email