Главная >> Новости Беларуси >> Бацькаўшчына >> Краснадворскі сельсавет у датах і падзеях

Краснадворскі сельсавет у датах і падзеях

$ |

Краснадворскі сельсавет — адзін з самых густанаселеных у Салігорскім раёне — 3 024 жыхары. На тэрыторыі гаспадаркі размешчана 2 аграгарадкі (Краснадворцы і Крывічы) і 11 вёсак: Балотчыцы, Прусікі, Астроўкі, Плянта, Дубеі, Іздрашава, Касынічы, Прусы, Радкава, Старадворцы і Чапялі.

 


 

Чырвоны значыць прыгожы!

Ёсць такое меркаванне, што назва «Краснадворцы» паходзіць ад словазлучэння «красныя двары». У старажытнасці «красны» быў сінонімам слову «прыгожы». І нездарма, бо вёска яшчэ з даўніх пор славілася сваёй акуратнасцю. Хаты хоць і былі невялікія, але чыстыя. Пачынала будавацца вёска адтуль, дзе цяпер вуліца Цэнтральная, на ёй і па сённяшні дзень захаваліся старыя пабудовы.

 

Гістарычнае мінулае

 

Упершыню Краснадворцы ўзгадваюцца ў XVII стагоддзі ў Слуцкім павеце Мінскага ваяводства ў сувязі са скаргай сялян у 1667 годзе на непасільныя паборы і паншчыну, нягледзячы на разарэнні пасля вайны.

У 1870 годзе вёска — у складзе Старобінскай воласці Слуцкага павета Мінскай губерніі, налічвае 532 жыхары. Кожны год 6 жніўня тут праходзіў кірмаш.

 

У 1886-м адкрываецца школа граматы. Але самымі распаўсюджанымі былі царкоўнапрыходскія. Такая школа існавала і ў Краснадворцах, навучанне вялося толькі на беларускай мове. У 1912 годзе працавала народнае вучылішча.

 

Не мінулі вёску і падзеі Першай сусветнай вайны — яна была акупавана немцамі. І толькі пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі жыццё ў Краснадворцах змянілася. У 1917 годзе быў створаны рэвалюцыйны камітет (рэўкам), першым старшынёй якога стаў Мікіта Новік. Рэўкам дзейнічаў да 1924 года: праводзіў вялікую работу па ўмацаванні савецкай улады, збіраў лішкі для Чырвонай арміі і рабочых. Калі пачалася грамадзянская вайна, Краснадворцы былі заняты польскімі акупантамі, з якімі жыхары вёскі вялі актыўную барацьбу. Пасля заканчэння вайны і выгнання палякаў пачаўся аднаўленчы перыяд. І зноў арганізатарам усёй работы быў рэўкам. Сталі будавацца новыя хаты, рамантавацца старыя, бо сялянам бясплатна пачалі адпускаць лес і паліва. Бясплатнай была і медыцынская дапамога. Дзеці пайшлі вучыцца. А ў 1924 годзе на базе рэўкама быў створаны Краснадворскі сельскі Савет. Яго арганізатар і першы старшыня — Хрысанор Клішэвіч. На базе дарэвалюцыйнай школы пачала працаваць пачатковая, у якой у 1922 годзе вучылася 86 дзяцей.

 

У 1930 годзе быў створаны калгас «Чырвоная зорка». Палепшыўся агульны ўзровень культуры. У 1935 годзе адбыўся пераход на абавязковае сямігадовае навучанне. Для выканання гэтай пастановы для краснадворскай школы быў узведзены будынак, дзе вялося навучанне да 1993 года. Першым дырэктарам сямігадовай школы быў Іван Хамчук.

 

22 чэрвеня 1941 года мірная праца людзей была парушана. Усяго па сельсавету ўдзельнікаў вайны — 321, з Краснадворцаў: Валерый Бародка, Хведар Кулевіч, Уладзімір Малышэўскі, Павел Рускевіч, усяго — 58 чалавек. У памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай воінах-земляках у 1967 годзе ў скверы вёскі быў адкрыты абеліск «Смуткуючы воін».

 

З выгнаннем нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалося аднаўленне вёскі. Быў адкрыты Дом культуры, фельшарска-акушэрскі пункт, магазін і паштовае аддзяленне. У 2010 годзе адбылося адкрыццё Дзіцячага дома сямейнага тыпу.

 

Абарона веры

 

Раней вакол Краснадворцаў былі непраходныя балоты, з поўдня наступаў лес, а па краях вёскі стаялі крыжы. Старажылы ўспамінаюць, што каля прыдарожнага крыжа збіраліся жанчыны і маліліся, каб мінулі вёску эпідэміі, засухі і іншыя агульныя няшчасці. Недалёка ад сельскага клуба стаяла Пакроўская царква, пабудаваная яшчэ ў XIX стагоддзі. Праіснавала яна да 1957 года, а потым была разбурана. Іконы і ўсё абсталяванне разабралі месныя жыхары.

 

Да сярэдзіны XX стагоддзя знакамітая Спаса-Праабражэнская царква вёскі Краснадворцы ўваходзіла ў склад Свята-Успенскага прыходу вёскі Заўшыцы. Пры ёй было заснавана царкоўнапрыходскае апякунства і штатнае народнае вучылішча. Вернікамі ўтрымліваліся (за ўласны рахунак) школы ў вёсцы Крывічы і Краснадворцы.

 

22 чэрвеня 1946 года настаяцелем Краснадворскай Праабражэнскай царквы быў прызначаны святар Захар Пятроў. Пры дапамозе вернікаў за тры гады ён зрабіў у ёй рамонт, усталяваў крыж (зняты ў 30-я гады), у будынку царквы з'явіўся новы іканастас, а ў вернікаў святар сабраў царкоўныя абразы і набажэнскае начыненне.

 

У 1949 годзе Старобінскім райвыканкамам было прынята неафіцыйнае рашэнне пра зачыненне царквы ў Краснадворцах і перабудову яе пад клуб. Але агульнымі намаганнямі царкву атрымалася абараніць. З трох цэркваў толькі Спаса-Праабражэнская ў вёсцы Краснадворцы ўцалела да 1960 года. Яўген Лазоўскі, сведка таго, як разбуралі царкву, успамінаў: «Пачалі зрываць купал і ніяк не маглі яго сарваць. Тры разы рваўся трос. Нарэшце, зрабілі сваю чорную справу». Настаяцель Праабражэнскай царквы святар Захар Пятроў да апошняга абараняў свой храм, а калі стала немагчыма, усю царкоўную маёмасць зноў раздаў вернікам.

Аднаўленне прыходскага жыцця ў вёсцы Краснадворцы прыйшлося на 90-я гады XX стагоддзя. У 1993 годзе па блаславенні Філарэта Мінскага і Слуцкага патрыяршага экзарха ўсея Беларусі ў вёсцы Краснадворцы пад старшынствам добрапрыстойнай Салігорскай акругі протаіерэя Мікалая Розава прайшоў збор вернікаў. У тым жа годзе Мінскім аблвыканкамам была зарэгістравана праваслаўная абшчына Спаса-Праабражэнскай царквы вёскі Краснадворцы. Сёння царква мае выгляд васьмікантовіка, з якога вылучаецца двух’ярусная званіца. Яна выканана з цэглы, адзін звон якой важыць 32 кг.

 

 

 

Фота ўзяты з http://www.sluck-eparchiya.by.

Print Friendly, PDF & Email