Як у Салігорскiм раёне таленавітых землякоў шануюць
Шмат у Салігорскiм раёне таленавітых землякоў, якімі мы можам і павінны ганарыцца, чыю творчую спадчыну трэба ведаць, каб не стаць Іванамі без роду і племені. Пазнаёміцца з творчасцю людзей роднага краю, якія не застаюцца абыякавымі да чужых праблем, якія натхняюць сваім прыкладам, мяняюць свет да лепшага, прапаноўваюць у Новапалескай сярэдняй школе. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Радзько разпавяла пра адну з такіх сустрэч: «У нашай установе адукацыі адбылася творчая вечарына «Квітней, зямля, і вы дабрэйце, людзі!», на якую быў запрошаны беларускi паэт Фёдар Фёдаравіч Гурыновіч і паэты-самародкі нашай мясцовасці».
Агеньчык свечкі – сімвал паэтычнай вечарыны запаліў Фёдар Фёдаравіч у пачатку творчай сустрэчы, чытаў свае вершы, адказваў на пытанні. Кожны дзень паэта напоўнены творчасцю і натхненнем, энергiяй і духоўнасцю, радасцю і цеплынёй.
Усе прысутныя мелі магчымасць паслухаць песні пра Беларусь у выкананні навучэнцаў школы. «Наша моладзь павінна не толькі помніць пра свае карані, а яшчэ яна павінна ведаць духоўную спадчыну сваёй малой радзімы, — упэўнена намеснік дырэктара. — Мы хочам, каб нічога не знікла бясследна, каб засталася памяць аб простых людзях, якія пішуць вершы, якія ўваскрашаюць родныя вобразы і грэюць душу, дазваляюць сэрцам дакрануцца да роднай зямлі. Але мы мала пра іх ведаем, таму расказалі пра малазнаёмых паэтаў нашай мясцовасці».
Пранікнёныя і ўдумлівыя вершы ў настаўніцы рускай мовы і літаратуры Аляхновіч Галіны Уладзіміраўны, што працуе ў Вялічкавіцкай сярэдняй школе. Яна ўжо шмат год кіруе літаратурным гуртком «Залатыя зярняты». Работы гурткоўцаў адзначаны граматамі раённага, абласнога аддзела адукацыі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры. Каб вучань змог удзельнічаць у творчым працэсе, яго душа павінна быць напоўнена пачуццямі, ён павінен мець шмат добрых уражанняў. Таму рабяты часта падарожнічаюць са сваім кіраўніком па родным краі, бываюць на экскурсіях, у тэатрах, ля помнікаў загінуўшых пад час Вялікай Айчыннай вайны. Высакародная праца Галіны Уладзіміраўны не прапала марна. Яе творы і творы яе гурткоўцаў сталі крыніцай радасці і натхнення. Аб некаторых экскурсіях вучні расказвалі на старонках «Настаўніцкай газеты», вершы друкаваліся ў газетах «Звязда», «Шахцёр». За ўдзел у акцыі «Нашчадкі вогненных вёсак», арганізаванай газетай «Звязда» і адміністрацыяй мемарыяльнага комплексу «Хатынь», на імя Галіны Уладзіміраўны прыйшла падзяка з Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік імкнецца ўпэўніць вучняў, што намнога больш значыць гармонія ў душы, чым жыццёвая прыстасаванасць.
Нягледзячы на зусім юны ўзрост, па-майстэрску прачытала свае вершы член літаратурнага гуртка «Залатыя зярняты» Вікторыя Ярмалінская. Дзяўчынка прадэкламавала некалькі вершаў, якія надрукаваны ў зборніку «Грани души». Наступны суразмоўца – гэта матуля Ярмалінскай Вікторыі – Анжэла Казіміраўна, якая нарадзілася ў в. Вялічкавічы. Сціплы, спагадлівы, цудоўны чалавек, яна прадставіла песню на свой верш у выкананні Людмілы Капцэвіч са Слуцка. Анжэла Казіміраўна любіць фатаграфаваць, піша вершы. У зборніку «Акцэнты» літаратурнага клуба «Акцэнты» – дэбют аўтара.
Цікавае знаёмства адбылося з творчасцю сям’і Даніловіч з в. Вялічкавічы. Тата, сын і ўнук пішуць вершы. Кранулі вершы Андрэя Дзмітрыевіча Даніловіча, вясковага чалавека, педагога па спецыяльнасці, які працаваў у в.Вялічкавічы. Ён пісаў:
Людзі, помніце! Мір беражыце!
Хай плыве ён шумлівай ракой,
Хай красуе валошка ў жыце,
Колер сініх вачэй… I спакой…
Тэму Радзімы закранае яго сын Аляксандр, настаўнік гісторыі, які раней працаваў у Новапалескай школе. Ён нават піша песні:
Люблю сваю я старану,
Люблю той край, дзе нарадзіўся.
Паклон я да зямлі аддам таму,
Хто з думкаю маёй са мною пагадзіўся…
Унук, Павел Шавель, зараз працуе ў Новапалескай школе сакратаром. Вось радкі аднаго з вершаў:
Жыву на прасторах бяскрайніх
Былых неабсяжных балот,
Дзе песні, легенды, паданні
Збярог, захаваў мой народ….
Антаніна Андрееўна Шавель, дачка, сястра і матуля таленавітых родзічаў, прачытала вершы і сказала, што вельмі важна адчуць сябе грамадзянінам сваёй краіны. Гэта надае новы, больш глыбокі сэнс жыццю.
Паэзія была, ёсць і будзе там, дзе жывуць чалавечыя пачуцці, прычым, самыя светлыя, цудоўныя. Мерапрыемства прадоўжылася знаемствам з творчай натурай, выпускніцай Новапалескай школы Любоўю Адамаўнай Усцінавай. Яна выхоўвае добрыя чалавечыя якасці вучняў: міласэрнасць, чуласць, павагу да старэйшых, прывівае дзецям любоў да роднага краю. Вось радкі з яе верша:
Люблю свой кут, яго заву Айчынай,
Цяпло калыскі ў матчыных руках,
І герб, пад стужкай ільну і канюшыны,
І збажыну, што вецер песціць у палях…
У фінальным акордзе вечарыны слова меў чалавек, які неабыякава ставіцца да паэзіі, да творчасці і да нашай краіны – старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Ларыса Іванаўна Жукава. Яна адзначыла, што ў век новых тэхналогій творчасць і ўчынкі людзей дапамагаюць усім нам не забываць пра тое, што жывыя яшчэ пачуцці спагады, любові да Радзімы, сваёй мясцовасці і адзін да аднаго. Ларыса Іванаўна ўручыла гасцям вечарыны падарункі ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь».
У канцы сустрэчы адбылася аўтограф-сесія паэта. Уражанні незабыўныя і маса станоўчых эмоцый… Менавіта гэтыя словы разам са словамі глыбокай падзякі выказалі ўдзельнікі і госці творчай вечарыны «Квітней, зямля, і вы дабрэйце, людзі!» Такое мерапрыемства — прыклад сапраўднай грамадзянскасці.