
Каталікі-вернікі адзначаюць Свята Ахвяравання Пана
2 лютага Каталіцкі Касцёл адзначае Свята Ахвяравання Пана і Сусветны дзень кансэкраванага жыцця.
Успамінаецца дзень, калі прынеслі Езуса ў святыню, каб выканаць прадпісанне Старога Запавету. Свята спаткання Хрыста са сваім народам адзначалася ў Ерузалеме з 5 веку, а ў 7 веку было прынята на Захадзе.
Гэтым святам заканчваюцца ўрачыстасці, звязаныя з аб’яўленнем свету Слова Уцелаўлёнага.
У гэты дзень у касцёлах запальваюцца сотні агеньчыкаў свечак, якія традыцыйна бласлаўляюцца на Грамніцы.
Свечка – сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам, а на Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові.
Асвячоныя ў гэты дзень свечкі называюць «грамнічнымі», бо іх запальваюць у час навальніцаў, якія суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі, каб апека Маці Божай выратавала ад небяспекі стыхіі. Запаленую грамнічную свечку таксама даюць у рукі паміраючаму, каб Найсвяцейшая Панна Марыя прывяла яго душу ў неба.
З 1997 года 2 лютага ў Каталіцкім Касцёле было ўстаноўлена Янам Паўлам ІІ як Дзень кансэкраванага жыцця, прысвечаны малітве за асобаў, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу ў розных манаскіх ордэнах і кангрэгацыях, а таксама ў свецкіх інстытутах. У гэты дзень паўсюдны Касцёл асабліва моліцца за гэтых асоб. У Салігорску Свята Ахвяравання Пана адбудзецца ў касцёле св. Францішка 2 лютага ў 18.00.