Главная >> Новости Солигорска >> Чырвоная Слабада: дакранемся да «сівой» гісторыі

Чырвоная Слабада: дакранемся да «сівой» гісторыі

$ |

Чырвонаслабодскі сельскі Савет быў утвораны 1 ліпеня 1944 года. У пасляваенны час часта змянялася тэрытарыяльна-адміністрацыйная падпарадкаванасць гарадскога пасёлка. Спачатку ён быў раённым цэнтрам Бабруйскай вобласці, а праз 10 гадоў перайшоў пад юрысдыкцыю Мінскай. У розны час Чырвонаслабодскі сельсавет уваходзіў у склад Старобінскага, потым Любанскага раёнаў, а з 1965 года трывала «абсталяваўся» ў новаўтвораным Салігорскім.


 

У наш час на тэрыторыі Чырвонаслабодскага сельсавета нараўне з гарпасёлкам размешчаны яшчэ 21 населены пункт: Белае Балота, Вялікі Рожан, Вялікая Альшанка, Баравая, Вішнёўка, Гарохаўцы, Добрая Лука, Дубава, Дуброўка, Зацішак, Колас, Камсамольскі, Малая Альшанка, Малы Рожан, Навінкі, Первамайск, Падазёрнае, Новы Рожан, Шыбіна, Ябланава, Язвіна.

За час свайго існавання  Чырвонаслабодскі сельсавет узначальвалі 17 старшыняў. У наш час ім кіруе Алена Рыгораўна Шкурко.

 

Вяртаючыся да гісторыі

 

У ліку найбольш буйных вёсак на тэрыторыі сельсавета - Вялікі Рожан з насельніцтвам  звыш 600 чалавек, і Першамайск, дзе колькасць жыхароў набліжаецца да 400. Лідзіруе ж адміністрацыйны цэнтр сельсавета.

 

Гарадскі пасёлак Чырвоная Слабада з амаль 5000-м насельніцтвам размешчаны на рацэ Вызенка.

 

Упершыню гэты населены пункт упамінаецца ў XVI стагоддзі як вёска Вызна, потым як мястэчка (сяліба ў выглядзе гарадка). Яно належала Алелькавічам, а з 1612 года - Радзівілам.  У 1793 годзе Вызна пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай увайшла ў склад Слуцкага павета Мінскай губерніі і належала Вітгенштэйнам лініі Гагенлоэ.

 

У 1870 годзе была ўтворана Вызненская воласць Слуцкага павета Мінскай губерні. З цягам часу ў мястэчку адкрыліся  народнае вучылішча, якое давала аднагадовую адукацыю навучэнцам, а таксама школы: мужчынская і жаночая, жаночая царкоўна-прыходская, яўрэйская. У Вызне размяшчаліся валасное кіраванне, праваслаўныя цэрквы, паштовая станцыя, бальніца, крамы, вінакурны завод, піцейны дом, млыны, рамесныя майстэрні.

 

Савецкая ўлада ў Вызне ўсталявалася ў лістападзе 1917 года. На тэрыторыі пасёлка быў арганізаваны першы Савет. Але неўзабаве адносна спакойнае жыццё вызненцаў перапыніла Першая сусветная вайна і часовая акупацыя...

 

Паміж войнамі

 

У 1923 годзе мястэчка Вызна было перайменавана ў Чырвоную Слабаду. У гады савецкай улады на тэрыторыі Чырвонай Слабады развівалася прамысловасць, былі пабудаваны паравы млын, лесапільны цэх, цагляны завод, харчовы камбінат, кавальскі, шавецкі і кравецкі арцелі і інш. У 1929 годзе быў арганізаваны першы калгас, які атрымаў назву «Чырвоная Слабада». 

 

У 1929-1930 гадах пасёлак быў электрыфікаваны. З'явіліся радыё, клуб, 10-гадовая школа.

 

З 1938 года Чырвоная Слабада атрымала статус гарадскога пасёлка.

 

Вялікая Айчынная: усе на барацьбу з ворагам!

 

У 1941 годзе мірныя планы парушыла вайна. Ужо 27 чэрвеня фашысты акупавалі гарадскі пасёлак. Усе яго жыхары падняліся на барацьбу з ворагам.

 

Пачынаючы з ліпеня 1941 года, на тэрыторыі Чырвонаслабодскага сельсавета дзейнічалі камуністычнае і камсамольска-моладзевае падполле, разгарнуўся партызанскі рух. Аб праяўленых мужнасці і гераізме, неймаверна дарагой цане перамогі сведчаць шматлікія помнікі, абеліскі і  пахаванні ў  г.п. Чырвоная Слабада, в. Першамайск, Баравая, Вялікі Рожан.

 

У Чырвонай Слабадзе на будынку кінатэатра ўсталявана мемарыяльная дошка з ёмістым  надпісам: «Тут у ноч на 31 кастрычніка 1942 года атрад В.А. Васільева разграміў нямецка-фашысцкі гарнізон, і г.п. Чырвоная Слабада быў уключаны ў партызанскую зону». Помнік у гонар чырвонаслабодскіх падпольшчыкаў і штабоў партызанскіх брыгад 12-й кавалерыйскай імя І. Сталіна і 32-й імя М. Калініна ўстаноўлены ва ўрочышчы Норы, што ў 10 км ад Вялікага Рожана – на месцы базіравання ў час гітлераўскай акупацыі.

 

Мабыць, няма ніводнай сям'і, якую б не закранула сваім чорным крылом вайна. Жахаюць лічбы чалавечых ахвяр. Толькі ў Чырвонай Слабадзе загінула 1 046 чалавек, у тым ліку 138 франтавікоў. У Германію былі сагнаны 150 вяскоўцаў. Восенню 1941 года фашысты расстралялі каля 900 яўрэйскіх мірных жыхароў гарпасёлка.

 

 

У памяць аб земляках, воінах і партызанах, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай  вайны, устаноўлены помнікі на вуліцы Ціхамірава  і на ўскраіне г.п. Чырвоная Слабада, у скверы в. Першамайск,  у цэнтры в. Вялікі Рожан.

 

Пад мірным небам

 

У Чырвонай Слабадзе мірнае жыццё пачалося ўжо з 1 ліпеня 1944 года, калі да працы прыступілі савецкія арганізацыі. Першымі адноўленымі аб'ектамі сталі радыёвузел, кантора сувязі, школа. Пасляваенны час быў цяжкім, паўгалодным. Але чырвонаслабадчане ўдарна працавалі, стваралі сем'і, нараджалі дзяцей і з надзеяй глядзелі ў будучыню.

 

Сёння на тэрыторыі Чырвонаслабодскага сельсавета кіпіць жыццё. Вяскоўцы працуюць у ААТ «Салігорскі райаграсэрвіс», ААТ «Чырвонаслабодскі рыбгас», ПМК-9 ААТ «Салігорскводбуд», СГУВП «ЖКГ «Комплекс», Чырвонаслабодскім лясніцтве ДЛГУ «Старобінскі лясгас», на кансервавым камбінаце, Чырвонаслабодскіх участках прадпрыемства «Салігорскводаканал» і РУЭС. Да паслуг сельскіх жыхароў – комплексна-прыёмныя пункты РКБА і паштовыя аддзяленні, якія размешчаны ў гарпасёлку і Вялікім Рожане, бібліятэкі (дзіцячая і дарослыя) у Чырвонай Слабадзе, Первамайску і Вялікім Рожане, а таксама гарпасялковы, Рожанскі і Першамайскі сельскія Дамы культуры.

 

На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца Чырвонаслабодская гарадская бальніца, ДУ «Чырвонаслабодскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат», бальніца сястрынскага догляду, а таксама Першамайскі ФАП і Вялікарожанская амбулаторыя.

 

Вялікая ўвага надаецца выхаванню і навучанню, арганізацыі вольнага часу прадстаўнікоў падрастаючага пакалення. Дзеці наведваюць ДУА «Чырвонаслабодская сярэдняя школа Салігорскага раёна», а таксама ўстановы дашкольнай адукацыі, якія размешчаны ў гарпасёлку і в. Першамайск. Развіваць здольнасці і таленты непаўналетнім дапамагаюць працаўнікі Чырвонаслабодскай дзіцячай школы мастацтваў і ДУ «СДЮСШАР Салігорскага раёна».

 

 

 

 

 

Фота Іны Хаценка.

Print Friendly, PDF & Email