
Другі дзень прэс-туру прадстаўніцтва Выдавецкага дома «Педагагічная прэса» па Міншчыне пачаўся з наведвання Салігорскага дзяржаўнага каледжа
Журналістаў ва ўстанове адукацыі сустрэлі начальнік упраўлення па адукацыі Салігорскага райвыканкама Ігар Цыбулька і намеснік начальніка Таццяна Пратасеня. Падчас размовы з намеснікам дырэктара па развіцці Выдавецкага дома Людмілай Пастарнакевіч былі вызначаны далейшыя шляхі ўзаемадзеяння сістэмы адукацыі раёна з выданнямі «Педагагічнай прэсы», акрэслены тэмы для напісання матэрыялаў на найбліжэйшыя месяцы.
Дырэктар Салігорскага дзяржаўнага каледжа Алена Хаміцэвіч расказала пра дзейнасць установы, а педагогі і навучэнцы прадэманстравалі майстар-класы па цаглянай кладцы, малярных і дэкаратыўных работах і інш.
Спецыялісты Салігорскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі падзяліліся вопытам па фарміраванні інклюзіўнай культуры навучэнцаў праз уключэнне ў валанцёрскую дзейнасць. У гэтым кірунку цэнтр узаемадзейнічае з установамі агульнай сярэдняй адукацыі горада.
Пра тое, як наладжана сістэма ваенна-патрыятычнага выхавання, пра эксперыментальны праект «Распрацоўка і апрабацыя мадэлі ўзаемадзеяння «каледж — школа» па арганізацыі прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на прыкладзе сваёй установы адукацыі расказала дырэктар сярэдняй школы № 1 Салігорска Валянціна Каштальян.
У Вялічкавіцкай сярэдняй школе працуе ўнікальны краязнаўчы музей «Беларускае Палессе», экспанаты для якога настаўнікі дагэтуль прывозяць з розных куткоў краіны. А пра тое, якую ролю школьныя музеі выконваюць у духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні навучэнцаў, расказалі ў Крывіцкай сярэдняй школе.