Главная >> Новости Солигорска >> Капацэвіцкі сельсавет: з мінулага да сучаснасці

Капацэвіцкі сельсавет: з мінулага да сучаснасці

$ |

На гэты раз расказваем пра Капацэвіцкі сельсавет. На карце яго можна знайсці на паўднёвым захадзе нашага раёна. Ён мяжуе адразу з шасцю «суседзямі»: Чырвонаслабодскім, Акцябрскім, Старобінскім, Доўгаўскім, Хорастаўскім і Гоцкім сельскімі Саветамі. Створаны Капацэвіцкі сельсавет быў адначасова з многімі іншымі сельсаветамі Салігоршчыны — 20 жніўня 1924 года.


 

З гісторыі

Адметная рыса гэтай тэрыторыі ў тым, што цэнтрам сельсавета з’яўляецца не старэйшая вёска, а адносна малады населены пункт. Гаворка ідзе пра аграгарадок Новапалескі, які быў заснаваны на пачатку 1970-х гадоў, праўда, на той момант быў яшчэ пасёлкам, а ўжо ў 1978 стаў галоўным населеным пунктам. Прычына яго з’яўлення звязана з сумнымі падзеямі нашай гісторыі. Да Вялікай Айчыннай вайны на гэтым месцы размяшчалася сядзіба Капацэвіцкай МТС, дзе ў 1941 годзе налічвалася 40 жыхароў і 11 двароў. Нямецка-фашысцкія захопнікі не пашкадавалі гэтае паселішча: у 1943 годзе яны поўнасцю спалілі сядзібу і большасць яе насельнікаў. Так з’явілася балючая адмеціна на карце Салігоршчыны — пасля вайны населены пункт так і не быў адноўлены. І толькі ў 1969 годзе вакол былой сядзібы распачынаецца працэс асушэння балот пад новае паселішча — пасёлак Новапалескі. Назва яго звязана з тым, што будавалі яго на новым месцы і на палескай зямлі. У скорым часе, 1972 годзе, тут размясцілася цэнтральная сядзіба саўгаса «Новае Палессе».

 

Дарэчы, комплексная забудова паселка Новапалескі ў 1975 годзе была адзначана дыпломам I ступені выставы дасягненняў народнай гаспадаркі Савецкага Саюза. Статус аграгарадка Новапалескі атрымаў у 2006 годзе.

 

Пагаворым пра дзве старэйшыя вёскі сельсавета — Вялічкавічы (цяпер таксама аграгарадок) і Капацэвічы. Яны суседнічаюць, і таму іх аб’ядноўвае схожы гістарычны лёс. Так, абедзьве вядомыя з XVI ст. у складзе Вялікага княства Літоўскага, а пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай уваходзілі ў склад Расійскай імперыі. На пачатку XIX ст. вёскі былі ўласнасцю князя Д. Радзівіла, а пазней — князя Вітгенштэйна. У 1870 годзе Вялічкавічы — цэнтр сельскай грамады ў Вызненскай воласці Слуцкага павета, а Капацэвічы — цэнтр Капацэвіцкай сельскай грамады ў Старобінскай воласці Слуцкага павета. Адначасова на пачатку 20 стагоддзя вёскі аказваліся пад уладай акупантаў: у лютым-снежні 1918 года яны былі заняты нямецкімі войскамі, а ў жніўні 1919-ліпені 1920 і кастрычніку-лістападзе 1920 года — польскімі.

 

Пасля ўвахода ў склад БССР у 1919 годзе ў вёсках пачалі з’яўляцца новыя аб’екты: ў Вялічкавічах у наёмным будынку была адкрыта пачатковая школа, а ў Капацэвічах на базе маёнтка створаны аднайменны саўгас. У склад Капацэвіцкага сельсавета абодва паселішчы ўвайшлі з першага дня яго ўзнікнення. З таго часу адміністратыўна-тэрытарыяльны падзел на карце змяняўся шмат разоў і ў розныя часы вёскі былі часткай розных вобласцей і раёнаў. Сучасны статус вёскі Капацэвічы і Вялічкавічы атрымалі 6 студзеня 1965 года — у гэты дзень Старобінскі раён быў афіцыйна ператвораны ў Салігорскі.

 

Сучаснасць

 

Адносна нядаўна тэрыторыя Капацэвіцкага сельсавета значна пашырылася. Яшчэ шэсць гадоў таму ён складаўся з трох населеных пунктаў, пра якія мы расказалі вышэй. Але ў 2013 годзе ў якасці адміністратыўнай адзінкі быў скасаваны Гаўрыльчыцкі сельскi Савет дэпутатаў, а адтуль да Капацэвіцкага былі прыяднаны ўсе яго пяць вёсак: Гаўрыльчыцы, Вейна, Дубіца, Пясчанка і Цясна. Зараз агульная плошча сельсавета складае 370 квадратных кіламетраў. Ён з’яўляецца адным з самых вялікіх сярод усіх сельсаветаў Салігорскага раёна.

 

Для камфортнага жыцця ўсіх гэтых людзей, для задавальнення іх штодзённых патрэб працуюць разнастайныя сацыяльныя ўстановы. Адукацыю дзеці атрымліваюць ў Вялічкавіцкай сярэдняй школе, Новапалескім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа, Пясчанскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа, Вялічкавіцкім яслі-садзе. Каб людзі маглі цікава праводзіць свой вольны час, ёсць тры сельскія дамы культуры і тры бібліятэкі. Для атрымання мясцовымі жыхарамі аператыўнай і якаснай медыцынскай дапамогі працуюць Новапалескі фельчарска-акушэрскі пункт, Вялічкавіцкая ўрачэбная амбулаторыя, Гаўрыльчыцкая ўрачэбная амбулаторыя агульнай практыкі. 16 крам, 3 комплексна-прыёмныя пункты, 3 аддзяленні сувязі і 3 філіялы АСБ «Беларусбанк» — усе гэта робіць жыццё на тэрыторыі Капацэвіцкага сельсавета не менш сучасным і зручным, чым у горадзе.

 

Таксама развіваецца і сельскагаспадарчая галіна, на капацэвіцкай зямлі дзейнічаюць адразу дзве гаспадаркі раёна: ААТ «Новапалескі» і ТАА «Беларускалій-Агра», якія нярэдка становяцца лідэрамі ў раёне па розных паказчыках.

На тэрыторыі сельсавета размешчаны Вялічкавіцкае і Гаўрыльчыцкае лясніцтвы Старобінскага лясгаса; ПАСП-14 Салiгорскага ГРАНС; участак ДРСУ-166; тры кацельныя СДУВП «ЖКГ «Комплекс».

 

Тут шануюць памяць тых, хто падчас вайны аддалі сваё жыццё дзеля мірнай будучыні. Усталяваны мемарыял у былой сядзібе Капацэвіцкай МТС, помнік мірным жыхарам у вёсцы Капацэвічы, помнік чатыром невядомым салдатам на могілках у вёсцы Вейна, помнік салдату ў вёсцы Гаўрыльчыцы, рэканструяваны і добраўпарадкаваны помнiк мiрным жыхарам у вёсцы Вейна.

 

Вёска Вейна
Вёска Капацэвічы

Капацэвіцкі сельсавет узначальвае Ларыса Мікалаеўна Жыбурт.

Фота Іны Хаценка

Print Friendly, PDF & Email